Прадаецца легендарная кальянная, заснаваная Іванам Мураўёвым

Культавая «Кальянная № 1» на Маркса, 33 у Мінску выстаўлена на продаж. Яе заснавальнік знаходзіцца ў калоніі, а тыя, на каго ён пакінуў бізнэс, відаць, не спраўляюцца. Адпаведная абвестка з'явілася на Realt.by.

05.06.2023 / 20:18

Фота тут і далей: Realt.by

«Месца з шыкоўнай 13-гадовай гісторыяй. Установа была першай спецыялізаванай кальяннай Мінска і Беларусі, адкрыла мінскай публіцы культуру курэння кальяна. Ва ўстанове асаблівая атмасфера, свая аўдыторыя і даўнія прыхільнікі. Многія нашы госці ўжо выраслі з тусовачнага ўзросту, але ўсё роўна з цеплынёй успамінаюць наша месца і перыядычна заходзяць», — гаворыцца ў аб'яве на беларускім сайце нерухомай маёмасці. 

У апісанні і па фота лёгка пазнаецца культавая «Кальянная № 1», заснаваная Іванам Мураўёвым. 

Кальянная знаходзіцца ў цэнтры Мінска — на вуліцы К. Маркса, 33. Паркоўка ёсць з абодвух уваходаў, час працы — да 4-х раніцы. 

Ва ўстановы ёсць ліцэнзіі на продаж алкаголю і тытуню, абсталявана кухня, санвузел, выцяжка, маецца вялікі парк кальянаў, самабытны інтэр'ер. Дзяржарэнда невялікая.

За кальянную хочуць 96 тысяч рублёў. 

Прычына продажу не ўказана, але пра яе можна здагадацца. 

Іван Мураўёў — мінскі бізнэсмен, у мінулым — журналіст, які быў затрыманы ў жніўні 2022-га, а пазней асуджаны паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за фотаздымкі, зробленыя нібыта для аднаго з матэрыялаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». 

Нядаўна Мураўёў атрымаў два з паловай гады калоніі. 

Іван у адным інтэрв’ю згадваў, што калісьці на месцы яго кальяннай было кафэ пад назвай «Эльдарада» і падчас вучобы ва ўніверсітэце пасля заняткаў ён з прыяцелямі часцяком наведваўся туды. Па яго словах, гэта была танная чарачная.

«Так сталася, — казаў Іван, — што менавіта тут з'явілася і маё месца сілы і прыцягнення, якое стала нават больш, чым дом. Наогул я ніколі ў жыцці не курыў. Цыгарэт да гэтага часу нават не спрабаваў. Але неяк сябры прывялі мяне ў кальянную. Яны вельмі доўга ўгаворвалі мяне паспрабаваць пакурыць кальян.

Я супраціўляўся, але ўсё ж паспрабаваў. Мне спадабалася. Насамрэч кальян — вельмі крутая штука для зносін. Калі разам з кімсьці курыш, а гэта займае гадзіны паўтары, суразмовец раскрываецца, прычым ты бачыш усе яго бакі. І на цвярозую галаву гэта вельмі цікава».

Кальянная забрала ўвесь Іванаў час, і ён прыпыніў актыўную журналісцкую дзейнасць, але часам вяртаўся да яе для «ўнутранага драйву», каб даць выйсце лішку энергіі. Напісаннем тэкстаў, а таксама фота— і відэаздымкамі займаўся выключна для душы.

Іван Мураўёў у сваёй кальяннай у 2020-м. Фота: press-club.pro

Як раней распавядаў нам сябра Мураўёва, кальянная стала месцам, куды прыходзілі людзі, якія прагнулі глытка свабоды і разняволення. Сярод іх былі беларускія пісьменнікі, рок-спевакі, мастакі ды журналісты.

«Атмасфера там была, як у падобных кавярнях Вільні ці Варшавы. Айцішнікі, якія ездзілі туды, па вяртанні заходзілі ў кальянную да Івана і казалі, што ў ёй адчуваецца атмасфера замежжа», — казаў сябра.

Апошнім часам, па нашай інфармацыі, кальяннай пры падтрымцы сяброў займалася жонка Івана, па прафесіі журналістка. З СТБ пасля арышту мужа яе звольнілі. 

Чытайце таксама: Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя Івана Мураўёва — рухавіка мінскай кальяннай культуры

Nashaniva.com