У Беларусі ў продажы зноў з'явіліся славутыя нямецкія шакаладкі. Але не ўсе
Услед за Ritter Sport, Toffifee і Merci на прылаўкі мінскіх крамаў вярнулася і прадукцыя брэнда Schogetten.
05.06.2023 / 14:22
Фота: Tochka.by
У продажы зноў з'явіўся папулярны нямецкі шакалад Schogetten, яго не было на прылаўках амаль два гады, піша Tochka.by.
Кандытарскі выраб, як і многія іншыя, трапіў пад санкцыі, бо вырабляецца ў Нямеччыне.
Цяпер шакаладкі Schogetten пастаўляе новы імпарцёр. Калі раней гэтым займалася «Альфа Дыстрыбуцыя», то цяпер — «Лагістычная кампанія Усход», прапісаная ў Мінску.
Каштуе шакалад Schogetten, на здзіўленне, нядорага. Ёсць тавары ў тым ліку і на акцыі.
Да прыкладу, дэсерт з малочнай начынкай, пралінэ і салёнай карамеллю каштуе ў сетцы «Суседзі» 3 рублі 81 капейку. З дысконтнай картай будзе танней — 2,99 рубля.
Фота: Tochka.by
Самы дарагі Schogetten — малочны белы — 4 рублі 11 капеек, але са зніжкай будзе 3,19 рубля.
Калі будзе Toblerone?
А вось любімы многімі швейцарскі шакалад Toblerone пакуль так і не вярнуўся на беларускія прылаўкі. Можа, гэта часовая з'ява?
Пакуль беларусы купляюць Toblerone праз расійскія маркетплэйсы альбо замаўляюць у знаёмых у Еўропе.
Беларусь у адказ на ўведзеныя шматлікія санкцыі з боку краін Захаду ўвяла з 1 студзеня 2022 года ў дачыненні да шэрага тавараў харчовае эмбарга.
У спіс трапіў і еўрапейскі шакалад. Асартымент імпартнага дэсерту рытэйл хутка замясціў расійскім і турэцкім. У таго ж Ritter Sport аператыўна знайшоўся вельмі падобны турэцкі аналаг.