У Белгародскай вобласці РДК узяў у палон расійскіх вайскоўцаў і прапануе губернатару перамовы
Для абмену двух ваеннапалонных кіраўнік РДК Дзяніс Капусцін выклікаў кіраўніка рэгіёна Вячаслава Гладкова ў храм Новай Тавалжанкі.
04.06.2023 / 17:56
Скрыншот відэазвароту кіраўніка РДК Дзяніса Капусціна
«Спадар Гладкоў! Сёння вялікае праваслаўнае свята, Сёмуха. У якасці жэста добрай волі, пра якія так часта гавораць ва ўрадзе РФ, мы гатовыя аддаць вам гэтых палонных, простых рускіх салдат за магчымасць пагутарыць з вамі асабіста, абмеркаваць бягучую сітуацыю ў рэгіёне і, галоўнае, пагаварыць пра яго будучыню і будучыню Расіі ў цэлым. Таму запрашаем вас да дыялогу ў сценах храма ў Новай Тавалжанцы. Прыязджайце на машыне хуткай дапамогі асабіста ў суправаджэнні кіроўцы, без зброі. Я прыйду сам з прадстаўніком легіёна «Свабода Расіі» і палоннымі. Зусім нядаўна вы атрымалі ордэн Мужнасці, дык пакажыце сапраўдную грамадзянскую мужнасць», — звярнуўся праз відэа да губернатара кіраўнік РДК Дзяніс Капусцін.
Гладкоў заявіў, што бачыў зварот «нягоднікаў, забойцаў і фашыстаў». «Насамрэч зайшлі, ідзе бой зараз у Новай Тавалжанцы. Я спадзяюся, што яны ўсе будуць знішчаныя», — сказаў ён.
«Адзінае, што спыняе мяне ад перамоў з імі, — гэта нашы хлопцы, якія знаходзяцца ў іх руках. Хутчэй за ўсё, яны іх забілі. Але калі яны жывыя, то аўтамабільны пункт пропуску Шабекіна. Гарантую бяспеку», — дадаў Гладкоў.
Аднаго з палонных апазналі
Аднаго з палонных, паказаных у відэазвароце РДК, у размове з расійскім праектам «Астра» апазнала яго былая жонка.
Гэта Аляксей Бяляеў, 48-гадовы жыхар горада Кашына Цвярской вобласці. Былая жонка Аляксея Таццяна Фядотава пацвердзіла, што на відэа — яе колішні муж.
«Так, на гэтым відэа дакладна Аляксей, але я даўно з ім разведзена, мы не маем зносін», — паведаміла Таццяна.
Як высветліла «Астра», у 2021 годзе Бяляеў працаваў у лакаматыўным дэпо Балагоўскага падраздзялення Кастрычніцкай дырэкцыі філіяла РЧ, а да гэтага падзарабляў таксістам.
Сваякі палоннага распавялі, што ён быў вайскоўцам па кантракце. Па іх словах, Бяляеў «служыў у зоне СВА», але дзе менавіта — яны не ведаюць.
«Аляксей быў у зоне «СВА» больш за паўгода, у маі на два тыдні ён прыехаў у адпачынак, збіраў даведкі па здароўі, усімі спосабамі спрабаваў застацца дома, але яго прымусілі вярнуцца», — заявілі яны.
Ці быў Аляксей на тэрыторыі Белгародскай вобласці, ім невядома.
Чытайце таксама:
Польскі добраахвотніцкі корпус браў удзел у аперацыі ў Белгародскай вобласці — СМІ
Страты УСУ ў Бахмуце ў сем з паловай разоў меншыя, чым у расіян — Данілаў