1000 дзён за кратамі знаходзіцца Марыя Калеснікава

7 верасня 2020 года яе выкралі ў цэнтры Мінска і паспрабавалі вывезці на ўкраінскую мяжу.

04.06.2023 / 15:10

Марыя Калеснікава. Фота: «Наша Ніва»

Аднак Марыя парвала свой пашпарт і вярнулася на беларускую тэрыторыю.

Яе судзілі разам з юрыстам Максімам Знакам.

Праз год, 6 верасня 2021 года, Мінскі абласны суд палічыў Марыю вінаватай у здзяйсненні злачынстваў і асудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне такім фармаваннем, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады. Максіму Знаку далі 10 гадоў калоніі.

Пакаранне Марыя адбывае ў гомельскай жаночай калоніі. У канцы мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, дзе яе прааперавалі. Пасля таго яе так-сяк падлячылі і выпісалі, але цалкам аднавіцца, як выглядае, не далі.

У маі гэтага года зноў стала вядома аб праблемах са здароўем у гэтай мужнай жанчыны.

Сёння да яе і да міжнароднай супольнасці звярнулася сястра палітзняволенай Таццяна Хоміч. Больш за тры месяцы ад Марыі няма ніякіх вестак, апошні ліст ад яе прыйшоў у пачатку лютага. Тады Калеснікава напісала, што моцна страціла ў вазе, але пакрысе стала яе набіраць.

«Як ты зараз пачуваешся? Дзе ты зараз?» — задаецца пытаннем Таццяна Хоміч.

Nashaniva.com