«Кальяры» выбіў «Парму» 45-гадовага Буфона з плэй-оф Серыі B

У Італіі працягваюцца стыкавыя матчы плэй-оф за выхад у Серыю А. У суботу ў матчы ў адказ другога раўнда «Парма», за якую гуляе Джанлуіджы Буфон, прымала «Кальяры», які трэніруе Клаўдзіа Раньеры.

04.06.2023 / 10:24

Фота: старонка Джанлуіджы Буфона ў інстаграме

Матч у Парме завяршыўся з лікам 0:0, і «Кальяры» выйграў супрацьстаянне з лікам 3:2 па суме дзвюх гульняў.

Галоўнай тэмай матча ў адказ стаў гол гульца гаспадароў Бані на 74-й хвіліне. Тэхналогія лініі варот гол залічыла і паслала адпаведны сігнал на гадзіннік галоўнаму арбітру, але VAR палічыў, што мяч цалкам не перасёк лінію варот, таму гол быў адменены.

У сераду пасля першага тайма першага матча «Парма» вяла з лікам 2:0, але на другі тайм 45-гадовы Буфон не выйшаў з-за траўмы, і яго каманда прапусціла тры мячы. У другім матчы ён ужо не трапіў у заяўку.

Такім чынам, у фінале плэй-оф «Кальяры» сустрэнецца з «Бары». Матчы адбудуцца 8 і 11 чэрвеня.

Джанлуіджы Буфон пачынаў кар'еру ў «Парме» ў 1991 годзе. Ён чатыры гады гуляў за моладзевую каманду, потым шэсць сезонаў правёў у дарослай камандзе, адкуль у 2001 годзе за 52 мільёны еўра (гэта былі рэкордныя грошы для галкіпераў) перайшоў у «Ювентус». У Турыне Буфон правёў 17 сезонаў, потым год гуляў у ПСЖ, затым вярнуўся на два гады ў «Ювентус».

Улетку 2021 года Супермен (такая яго мянушка) вярнуўся ў «Парму», якая вылецела ў той год у Серыю B. За два гады Буфон правёў за клуб 43 гульні. У мінулым годзе «Парма» фінішавала 12-й, а сёлета выйшла ў стыкавы раўнд, але вярнуцца ў Серыю А не здолела.

На жаль, прыгожа вярнуцца легендзе сусветнага футбола ў Серыю А не ўдалося.

Клаўдзіа Раньеры, дарэчы, трэніраваў «Кальяры» ў 1988—1991 гадах, вывеўшы клуб з Серыі С1 у Серыю А. Як атрымаецца зараз, пабачым праз тыдзень.

Чытайце таксама:

Найлепшым гульцом італьянскай Серыі А прызналі 22-гадовага грузінскага футбаліста

«Мерсі, Месі». ПСЖ афіцыйна абвясціў пра сыход Леа

«Севілья» выйграла Лігу Еўропы

Nashaniva.com