Зяленскі прапануе Расіі «дыпламатычны выхад» з найменшымі стратамі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што калі Расія хоча «дыпламатычнага кірунку» ўрэгулявання вайны ва Украіне, то яна павінна вывесці свае войскі з акупаваных тэрыторый, не чакаючы сілавой дэакупацыі з боку Украіны. Вытрымкі з яго інтэрв'ю лацінаамерыканскім медыя прыводзіць «УП».
03.06.2023 / 22:55
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: AP
«Калі Расія хоча дыпламатычнага кірунку, яны павінны выйсці, не чакаючы, пакуль у нас загіне шмат людзей і мы выштурхнем іх сілай. Я лічу, што гэта вялікая розніца. Так, вынік аднолькавы, з аднаго боку. Але я лічу, што не.
Я лічу, што мы дэакупуем нашы тэрыторыі. Якім чынам, для мяне вельмі важна — губляць людзей ці зменшыць страты. І ад гэтага залежыць потым, зноў жа, ці гатовыя мы да любога дыялогу», — сказаў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што тое, ці дэакупуе Украіна сваю тэрыторыю ваенным шляхам або не, залежыць толькі ад Расіі.
«Сёння гэта бачаць нашы партнёры. І ўжо тыя краіны, якія былі скептычныя, напрыклад Германія, канцлер Шольц, адкрыта кажуць: «Я лічу, што з Расіяй няма пра што гаварыць, пакуль яна не выйдзе з тэрыторыі». Звярніце ўвагу: не пакуль Украіна дэакупуе, а пакуль Расія не выйдзе, таму што тут ёсць логіка для мяне.
Калі ты хочаш са мной размаўляць і размаўляць з цывілізаваным светам, ты павінен не чакаць, пакуль цябе выб'юць сілай. І выб'юць.
Таму што, выбіваючы сілай і войскам, мы губляем людзей. Пытанне не ў часе, бог з ім, дзеля перамогі мы не стамляемся. Калі мы выбіваем сілай, калі мы іх выцеснім з нашай тэрыторыі, пра што ім з намі размаўляць? Які сэнс ужо гаварыць?
Я думаю, што тады Расія будзе шукаць сабе іншых лідараў, якія змогуць знайсці падыход да ўсяго цывілізаванага свету, знайсці магчымасць, каб з імі людзі нейкія садзіліся хоць пра нешта гаварыць, бо пасля таго, што яны зрабілі, да дыялогу з імі ніхто не гатовы. Гэта калі мы выбіваем сілай, таму такая вялікая розніца».
Зяленскі выказаў упэўненасць у тым, што «любое іншае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі будзе шукаць выйсце з гэтай сітуацыі» і нават расійскае грамадства «ўжо разумее, што пытанне іх унутранага выбуху — гэта пытанне часу».
Прэзідэнт назваў падменай фактаў і паняццяў заявы расійскага кіраўніцтва аб тым, што калі Расія прайграе ў гэтай вайне, то яе не будзе.
«Калі мы будзем біцца да канца і выцеснім іх сілай, іх дакладна не будзе ў тым выглядзе, у якім яны ёсць цяпер. Таму што ў іх будзе выбух грамадскі, што яны страцілі і дзяржаву, і павагу, і месца за дыпламатычным сталом і страцілі войска, усё страцілі. У іх будзе ўнутры рэвалюцыя, ды не адна. Таму што вялікая тэрыторыя, і розныя людзі, розныя народы там жывуць. Таму будзе шмат усяго», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, для кіраўніцтва РФ «на сёння простага выхаду ўжо няма, бо яны забойцы».
«Але з найменшымі стратамі — у іх ёсць магчымасць знайсці дыпламатычнае выйсце з сітуацыі. То-бок без куль, без выбухаў, без ракет пачаць выходзіць з нашай тэрыторыі», — сказаў ён.
Такім чынам Зяленскі фактычна адказаў на словы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, які заявіў, што Уладзімір Пуцін нібыта адкрыты да любых кантактаў для дасягнення мэт РФ іншымі сродкамі, чым вайной супраць Украіны.
Чытайце таксама: