Лаўроў: Захад хоча пасварыць Беларусь і Расію. Нам патрэбная манаграфія Саюзнай дзяржавы

Кіраўнік МЗС Расіі заявіў, што Захад мае намер пасварыць Расію і Беларусь, каб не дапусціць умацавання Саюзнай дзяржавы. Пра гэта пісалася ў звароце Лаўрова да ўдзельнікаў расійска-беларускага форуму гісторыкаў.

03.06.2023 / 14:31

Сяргей Лаўроў. Фота: прэс-служба МЗС РФ

Тэкст зачытала дырэктарка гісторыка-дакументальнага дэпартамента МЗС РФ Надзея Барынава, паведамляе ТАСС.

«Калектыўны Захад не пакідае спробаў цынічных фальсіфікацый гісторыі, перапісваюцца падручнікі, скажаюцца і перакручваюцца факты, зносяцца помнікі. Мэта відавочная — пасеяць міжнацыянальную і міжканфесійную варожасць, распаліць моўны шавінізм, пасварыць нашы брацкія народы ў разліку не дапусціць далейшага ўмацавання Саюзнай дзяржавы», — гаварылася ў тэксце прывітання.

Хоць папраўдзе фальсіфікацыяй гісторыі і перапісваннем падручнікаў цяпер займаюцца беларускія і расійскія ўлады.

На думку Лаўрова, каб супрацьстаяць гэтаму, «можна было б падумаць над падрыхтоўкай агульнымі намаганнямі манаграфіі, прысвечанай гісторыі Саюзнай дзяржавы, тым больш што досвед такой працы ўжо назапашаны».

Nashaniva.com