Вырасла колькасць тых, хто купляе жыллё ў крэдыт

Пры гэтым стала больш здзелак і з кватэрамі коштам ад 100 тысяч даляраў. Некаторыя трэнды акрэсліў Realt.by.

03.06.2023 / 10:51

На рынку другаснага жылля ў маі доля крэдытных здзелак вырасла да 32% — і гэта высокі паказчык.

— Такія лічбы былі характэрнымі для 2019 года, калі працэнтныя стаўкі трымаліся на ўзроўні 14,5% гадавых. Той час запомніўся ўсім як спакойны: пакупнікі не баяліся актыўна браць крэдыты. У наступныя гады доля крэдытных здзелак апускалася да 4% і рэдка перавышала 17%, — кажуць у агенцтве нерухомасці «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў. — У цяперашні час адыграла ролю ў тым ліку і зніжэнне стаўкі рэфінансавання. 

Аднак нягледзячы на вялікі працэнт крэдытных здзелак і досыць высокую актыўнасць пакупнікоў, агульны ўзровень попыту на кватэры ў маі ніжэйшы на 10-12% за май мінулага года.

— Выніковая колькасць здзелак, па нашых здагадках, будзе на ўзроўні кастрычніка мінулага года — каля паўтары тысячы, — кажуць у агенцтве «Твая сталіца». — Па кошце мы выйшлі на абсалютная плато: няма ні падаражэння, ні патаннення аб'ектаў. Прыблізна на ранейшым узроўні застаецца працэнт гандлю — каля 4,5% — і тэрмін продажу. Гэта ўсё паказчыкі стабільна актыўнага рынку. Напрыклад, меншы паказчык па зніжцы назіраўся на ўзроўні 2,5-3,2% у канцы вясны 2018 года.

У мінулым месяцы мы адзначалі, што 35% усіх здзелак здзяйсняюцца менш чым за два тыдні. Цяпер гэты паказчык дасягае 36%. Адна з прычын паскарэння здзелак хаваецца ў тым, што патаннелі крэдыты.

Вырасла таксама колькасць здзелак з кватэрамі даражэйшымі за сто тысяч даляраў. Звычайна іх у сярэднім да 10% у месяц, па звестках Нацыянальнага кадастравага агенцтва па Мінску.

— У маі ж гэты паказчык вырас і дасягае практычна 15%. Можна казаць, што ажыў рынак досыць дарагой нерухомасці,

— адзначылі ў агенцтве «Паверхі Фортэ».

З улікам ставак па крэдытах, якія зніжаюцца, у агенцтве мяркуюць, што ў найбліжэйшы месяц рынак будзе заставацца такім жа энергічным.

Nashaniva.com