«Адзін будзе мяняць, а двое — зашываць рану». Лукашэнка даручыў да канца года зрабіць аперацыі па эндапратэзаванні ўсім, хто стаіць у чарзе
Праблема чэргаў — адна з праблемаў беларускай сістэмы аховы здароўя. Сёння СТБ апублікаваў новы ўрывак з пасяджэння па пытаннях медыцыны з Лукашэнкам. Там закранулі тэму эндапратэзавання. Усім, хто стаяў у чарзе да 23 мая, да канца года правядуць эндапратэзаванне буйных суставаў, як паведамляе СТБ.
03.06.2023 / 00:14
Твар міністра аховы здароўя, якому сказалі да канца года ліквідаваць чаргу па пратэзаванні суставаў. Скрын відэа
У сюжэце сталі вядомыя новыя падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі, дзе той раскрытыкаваў медыцыну, быццам убачыў яе ўпершыню за амаль 30 гадоў кіравання.
Лукашэнка спытаў у міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, колькі людзей стаіць у чарзе на эндапратэзаванне суставаў.
Той адказаў: 13,5 тысячы чалавек.
Лукашэнка загадаў да канца года ўсім ім зрабіць аперацыю.
Міністр паспрабаваў апраўдацца:
— Праблема заключаецца ў тым, што і летась, і сёлета былі складанасці… — пачаў ён (магчыма, ён меў на ўвазе так званую «справу траўматолагаў», у рамках якой КДБ кашмарыла артапедаў па ўсёй рэспубліцы).
— Не будзем на гэтым спыняцца, — адрэзаў Лукашэнка. — Да канца года вы мне ўсе гэтыя суставы заменіце!
— Да канца года мы ўсе не заменім…
— Яшчэ як заменіш! Адзін будзе мяняць, а двое — зашываць рану. Ідзіце і арганізоўвайце.
Лукашэнка папярэдзіў пра адказнасць медыкаў, а таксама згадаў пра смяротнасць, звесткі пра якую не публікуюць з часоў каранавіруса.
«Папярэджваю катэгарычна: крый божа, да 1 студзеня мне даложаць, што вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, я не кажу пра прусакоў, перакошаныя дзверы, пра лекі і іншае — наракайце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі, а тое, што павінна быць вырашанае, павінна быць вырашанае. Прапішыце мне пункт па смяротнасці. Вынік вялікай працы медыка — гэта смяротнасць. Падумайце, як гэта прапісаць, каб гэта можна было пракантраляваць і з іх спытаць за смяротнасць. Разумееце, мяне насцярожвае тэндэнцыя», — сказаў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Лукашэнка прыгразіў кіраўнікам аблвыканкамаў, што здзярэ з іх скуру. За што
У Наваполацку прайшлі затрыманні дактароў у бальніцы, куды прывозілі Бабарыку