Каб хурма не вязала
Хурма — адзін з самых карысных пладоў. З ёй не зраўнаюцца нават яблыкі. Часта яна вяжа. Аднак яе можна лёгка і без страты якасцяў давесці да спеласці.
24.11.2009 / 21:11
Хурма — адзін з самых карысных пладоў. З ёй не зраўнаюцца нават яблыкі. Часта яна вяжа. Аднак яе можна лёгка і без страты якасцяў давесці да спеласці.
Бывае звычайная хурма, а бывае «каралёк». Звычайная губляе даўкі прысмак толькі калі цалкам саспее і яе мякаць зробіцца, нібы жэле. А вось «каралёк» не вяжа зусім: ён салодкі, нават калі трохі недаспелы.
Глядзіце на пладаножку: яна павінна быць сухой, бурага колеру.«Каралёк» можна вызначыць па цёмна-рудым колеры скуркі і карычневай, з цёмнымі пражылкамі мякаці. Зазвычай гэта невялікія круглыя плады.
Спелая хурма павінна быць мяккай, з гладкай, бліскучай, тонкай напаўпразрыстай скуркай.
Недаспелую хурму можна «прыспешыць» некалькімі спосабамі.
1. Пакласці яе ў адзін цэлафанавы пакет з яблыкамі ці памідорамі — яны выдзяляюць газ этылен, які дапаможа хурме даспець.
2. Пракалоць цвёрдыя плады іголкай, змочанай у спірце.
3. Даўкую хурму можна замарозіць ці высушыць. Сушаная хурма зусім не вяжа, пакуль яе зноў не намочыш.
Чаму карысна есці хурму
Лацінская назва яе diaspyros перак¬ладаецца як «ежа багоў». Яна ўтрымлівае ў два разы больш харчовых валокнаў і карысных мікраэлементаў, чым яблыкі. У ёй шмат антыаксідантаў, хурма багатая каліем, кальцыем, магніем, фосфарам, жалезам, а таксама вітамінамі А, С і P.
Хурма карысная пры страўнікавых захворваннях. Яна сілкуе сэрца. Аднак не варта ўжываць хурму пры дыябеце. Хурма мае мачагоннае дзеянне і танізуе. Супакойвае нервы і павялічвае працаздольнасць.