Кніга беларускай блогеркі, якая змагалася з ракам, б'е рэкорды продажаў
Кніга «Раніца надыходзіць заўсёды» ад блогеркі Надзеі Мялешкі паступіла ў продаж у красавіку гэтага года з накладам 15 тысяч асобнікаў. Першую партыю раскупілі практычна адразу. На цяперашні момант выданне б'е рэкорды па папулярнасці ў кнігарнях, піша «Анлайнер».
02.06.2023 / 11:44
Фота: старонка Надзеі Мялешкі ў інстаграме
Надзея Мялешка — вядомы беларускі блогер і заснавальніца школы маркетынгу. Яна змагалася з агрэсіўным ракам малочнай залозы з 2020 года і адкрыта дзялілася сваёй гісторыяй у інстаграм, на які былі падпісаныя каля паўмільёна чалавек.
У сакавіку гэтага года стала вядома пра смерць Надзеі, а праз некалькі тыдняў з'явілася навіна аб выхадзе ў свет кнігі.
«Я так шкадую, што яна не паспела ўзяць яе ў рукі», — напісаў муж блогеркі, экс-хакеіст зборнай Беларусі Дзмітрый Мялешка. У інстаграм ён выклаў кароткі пост Надзеі, які быў падрыхтаваны загадзя.
У ім беларуска прызнае, што кніга, хутчэй за ўсё, выйдзе ў друк ужо пасля яе смерці, і нагадвае будучым чытачам пра каштоўнасць кожнага дня: «Усе мы канчатковыя, і я кажу гэта без горычы. Гэтая думка выцвярэжвае і дазваляе інакш убачыць каштоўнасць кожнага дня. Няма ніякіх чарнавікоў, рэпетыцый, усё, што мы пішам, ствараем, адчуваем сёння, — ужо наша жыццё, ужо чыставік».
«Кніга Надзеі» хутка аказалася ў топе продажаў: з першых дзён попыт на яе быў каласальным. Прадалі ўжо больш за 15 тысяч экзэмпляраў.
«Мы даўно з такім не сутыкаліся, — адзначылі ў сетцы кнігарняў OZ. — Давялося спешна зрабіць буйную замову ў выдавецтве і забяспечыць пастаўкі новай партыі. Пры гэтым кніга застаецца вельмі папулярнай ужо некалькі месяцаў. Больш за тое, яна рэзка ўзмацніла цікавасць да кніг-медытацый і літаратуры па папулярнай псіхалогіі. Цяпер усё часцей шукаюць кнігі, якія б маглі падказаць адказы на жыццёвыя пытанні. І многія выбіраюць беларускіх аўтараў».
На другім месцы ў рэйтынгу самых папулярных кніг у беларусаў (па версіі OZ) аказалася яшчэ адна кніга-медытацыя — «Да сябе пяшчотна. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе». Яе аўтар Вольга Прымачэнка таксама з Беларусі, дакладней — з Мінска. Яна піша пра тое, як прымаць свае пачуцці, расстаўляць прыярытэты і навучыцца адчуваць пяшчоту да сябе.
Дарэчы, гэтую кнігу прызналі бэстсэлерам і ў Расіі. Яе назвалі лідарам продажаў на «Літрэсе» ў 2022 годзе. Парады па псіхалогіі ад беларускага аўтара апярэдзілі нават вядомую антыўтопію «1984» ад Джорджа Оруэла.