Каго яшчэ ўзялі ў ПВТ і куды ідзе індустрыя на прыкладзе набору-2023
У першы сёлетні набор у ПВТ увайшла 31 кампанія. Dev.by паглядзеў, чым яны займаюцца.
01.06.2023 / 12:05
Фота: Belarus.by
Колькі рэзідэнтаў у ПВТ
Да першага сёлетняга набору ў ПВТ уваходзіла 1061 кампанія, калі арыентавацца на інфармацыю на афіцыйным сайце парка. Пасля ўключэння 31 пачаткоўца колькасць рэзідэнтаў не вырасла, а, наадварот, скарацілася да 1060. Атрымліваецца, што з ПВТ сёлета выключылі 30+ кампаній. Фактычна адток можа быць большым. У спісе рэзідэнтаў, напрыклад, дагэтуль фігуруюць кампаніі, якія сышлі / сыходзяць з Беларусі, у прыватнасці, «Ванабай», «Плэйрыкс БіУай», «Аквеа».
Ад распрацоўкі да майнінгу
Dev.by даведаўся, хто ўступіў у ПВТ у 2023. Паводле свайго профілю новыя рэзідэнты падобныя да кампаній, што ўвайшлі ў ПВТ летась: аўтсорс-распрацоўка софту і праграм, геймдэў, фінтэх, майнінг, гэмблінг.
- «А3Клаўд Салюшэнс» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2021 года). Займаецца распрацоўкай і падтрымкай софту з выкарыстаннем воблачных тэхналогій.
- «АйПиПлам» (дата рэгістрацыі — красавік 2022 года). Распрацоўшчык софту для гульнявога бізнэсу. Будзе распрацоўваць праграмны комплекс LiveStream для арганізацыі і правядзення азартных гульняў у рэжыме жывой трансляцыі.
- «Бел-Бітфайндар» (дата рэгістрацыі — жнівень 2021 года). Займаецца майнінгам крыптавалют.
- «БІЗОНІКС» (дата рэгістрацыі — лістапад 2022 года). Прадуктовая кампанія, распрацоўшчык софту для Gambling (для букмекерскіх кампаній).
- «Бухгалтарскія праграмы» (дата рэгістрацыі — снежань 2011 года). Спецыялізуецца на ўкараненні і падтрымцы праграмнага забеспячэння на аснове платформы 1С: Прадпрыемства 8.
- «Дэў Топ» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2022 года). Распрацоўшчык web— і мабільных праграм для фінтэху і юрыстаў.
- «Дзеньгі» (дата рэгістрацыі — студзень 2023 года). Аператар крыптаплатформы.
- «ДзіваСофт» (дата рэгістрацыі — жнівень 2022 года). Зоймецца распрацоўкай уласных праграмна-апаратных комплексаў для сельскай гаспадаркі.
- «Ілавіста Тэхноладжыс» (дата рэгістрацыі — студзень 2022 года). Распрацоўшчык софту.
- «Імёрсіў» (дата рэгістрацыі — снежань 2022 года). Збіраецца распрацоўваць уласную мабільную гульню Interio — сімулятар стварэння інтэр’ераў памяшканняў.
- «ІнДэў Салюшэнс» (дата рэгістрацыі — снежань 2022 года). Зоймецца стварэннем адзінай дзяржаўнай платформы распрацоўкі сайтаў дзяржорганаў.
- «Крыстал Софт» (дата рэгістрацыі — жнівень 2022 года). Распрацоўка Salesforce, укараненне і суправаджэнне ўнутраных праграм (Sales, Service, Community Cloud ды іншых).
- «КюДэІкс» (дата рэгістрацыі — лістапад 2022 года).
- «Лід Правайдар» (дата рэгістрацыі — жнівень 2022 года). Плануе распрацаваць і дапрацаваць маркетплэйс адукацыйных паслуг Educational Hub.
- «САПРАЎДНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ» (дата рэгістрацыі — сакавік 2016 года). Распрацоўка софту і праграм.
- «Пачатак часоў» (дата рэгістрацыі — ліпень 2022 года). Кансультацыйныя паслугі ў галіне камп’ютарных тэхналогій.
- «Новы код» (дата рэгістрацыі — верасень 2022 года). Аўтсорсінгавая кампанія.
- «Аверван» (дата рэгістрацыі — май 2020 года). Распрацоўшчык софту, правайдар комплекснай ІТ-адукацыі.
- «Позітыў В’ю» (дата рэгістрацыі — верасень 2022 года). Распрацоўшчык софту.
- «Рэнова Віжн» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2022 года). Аўтсорсінгавая кампанія, распрацоўвае софт, web— і мабільныя праграмы.
- «СіЭйІ Тэкноладжы» (дата рэгістрацыі — лістапад 2021 года). Кампанія з’яўляецца падраздзяленнем амерыканскай Capital Asset Exchange and Trading LLC. Гэта глабальны трэйдар, працуе на рынку паўправаднікоў.
- «СокалДэў» (дата рэгістрацыі — лістапад 2022 года). Распрацоўшчык софту.
- «Солведзіс» (дата рэгістрацыі — красавік 2016 года). Распрацоўшчык софту.
- «Солід Дата» (дата рэгістрацыі — верасень 2008 года). Распрацоўшчык софту.
- «Софтамнітэл» (дата рэгістрацыі — ліпень 2022 года). Продаж сістэм тэлефаніі.
- «Спортсгейм тэхноладжыс» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2022 года). Распрацоўшчык софту.
- «Разумныя ДНК-тэхналогіі» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2022 года). Зоймецца распрацоўкай рашэнняў для правядзення ДНК-тэстаў.
- «ФоксТры»: (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2019 года). Распрацоўвае рашэнні для абмену данымі і камунікацыі ў інтэрнэце. Адно з іх — мабільная праграма СounterStroke, якая аналізуе фізіялагічныя параметры чалавека.
- «Хай Лэвэл» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2010 года). Распрацоўка софту.
- «ХУА ГУАНЬ» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2022 года). Майнінг.
- «ЭкстБел» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2018 года). Распрацоўшчык вэб— і мабільных праграм для фінтэху, аховы здароўя, электроннай камерцыі і лагістыкі.
Больш як палова пачаткоўцаў (19 кампаній, або 60%+ ад агульнай колькасці) зарэгістравана ў 2022 годзе.
«Найстарэйшая» кампанія — «Солід Дата» (распрацоўшчык софту) — была зарэгістравана ў верасні 2008 года.
Большасць новых рэзідэнтаў — звычайны дробны аўтсорс з украпінамі гэмблінгу («БІЗОНІКС», «АйПіПлам») і распрацоўкі для дзяржсектара («ІнДэў Салюшэнс»).
Пра некалькі кампаній падрабязней.
Дакучлівы Overone
У лік рэзідэнтаў ПВТ трапіла кампанія «Аверван», якая была на слыху летась праз свой падыход да пашырэння кліенцкай базы.
Айцішнікі (і не толькі) скардзіліся, што ім тэлефануюць са школы IT-Overone і прапаноўваюць курсы для ўваходжання ў ІТ без першапачатковых навыкаў і англійскай мовы. Тэлефанавалі ўсім без выключэння, у тым ліку выкладчыкам кампаніі.
Суразмоўцы dev.by меркавалі, што базу абзвону ў школе сфармавалі з усіх даступных крыніц і баз, уключна з парсінгам беларускіх джаббордаў. Акрамя таго, слухачам на бясплатных занятках прапаноўвалі пакідаць нумары знаёмых.
Сёлета школа IT-Overone працягвае спаміць усіх, чые кантакты можа здабыць самымі нечаканымі спосабамі.
«Амерыканцы»
Незвычайна на фоне агульнай тэндэнцыі сыходу бізнэсу з амерыканскім (у тым ліку) капіталам сярод пачаткоўцаў ПВТ аказалася амерыканская кампанія Capital Asset Exchange and Trading LLC.
CAE была заснавана ў 1982 годзе ў Каліфорніі. Галаўны офіс знаходзіцца ў Осціне (Тэхас). Мае офісы ў Венгрыі, на Тайвані, у Паўднёвай Карэі, у Кітаі, у Японіі, у Сінгапуры, у Беларусі.
Кампанія — глабальны трэйдар фізічных тавараў, працуе на рынку паўправаднікоў. Дапамагае ўкладаць угоды куплі / продажу ліцейным заводам, вытворцам абсталявання.
У камандзе больш за 345 супрацоўнікаў. Галоўны тэхнічны дырэктар — Андрэй Фядзьковіч. На сайце пазначана, што да прыходу ў CAE ён працаваў менеджарам распрацоўкі софту ў Avanade (сумеснае прадпрыемства Accenture і Microsoft). А датуль быў Senior Software Architect у амерыканскай кампаніі пад цікавай назвай KGB, якая займаецца аказаннем інфармацыйных паслуг.
Беларуская юрыдычная асоба — ТАА «СіЭйІ Тэкноладжы» — была зарэгістравана ў лістападзе 2021 года. У кампаніі, як вынікае з інфармацыі на сайце, два офісы — у Гомелі і Мінску. Новы рэзідэнт ПВТ плануе працаваць над доўгатэрміновымі праектамі развіцця лічбавай гандлёвай платформы CAE.
На сайце кампаніі размешчана сем вакансій для распрацоўшчыкаў, інжынераў і дата-аналітыка. Працаваць можна аддалена альбо ў офісе.
У апісанні вакансій пералічаныя некаторыя бенефіты для супрацоўнікаў. Напрыклад, заробак у далярах два разы на месяц і бонусы. Кампанія часткова кампенсуе выдаткі на спорт і навучанне, а таксама выдаткі на медыцыну (стаматалогія, вядзенне цяжарнасці).
Колькі чалавек працуе ў Беларусі — невядома. У лінкедзіне мы знайшлі профілі 20+ супрацоўнікаў кампаніі, якія пазначылі ў якасці актуальнай лакацыі Беларусь.
Некалькі вядомых амерыканскіх кампаній закрылі бізнэс і сышлі з Беларусі ў 2022-2023.
Сышлі з Беларусі
WorkFusion: займаецца распрацоўкай тэхналогій для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. Сярод яе заказчыкаў — найбуйнейшыя сусветныя кампаніі з Fortune Global 500, страхавыя і фінансавыя карпарацыі, банкі. Глабальны штат налічвае 350+ працаўнікоў. У Беларусі працавала больш за 100 спецыялістаў. У 2021 годзе кампанію ацэньвалі ў $1+ млрд.
Softeq Development: распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і «жалеза» на заказ для такіх кліентаў, як Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung. Таксама кампанія аказвае паслугі ў галіне распрацоўкі вэб-рашэнняў, мабільных праграм і гульняў, убудаваных сістэм і нізкаўзроўневых утыліт, а таксама мультыплатформенных праграм. У мінскім офісе Softeq Development працавала каля 280 спецыялістаў.
Arteza: займаецца электроннай камерцыяй — продажам тавараў для творчасці. У ЗША рынак такіх тавараў ацэньваецца ў 60 мільярдаў даляраў. Гадавы абарот кампаніі — 100 мільёнаў даляраў. Уключана ў рэйтынг самых хуткарослых прыватных амерыканскіх кампаній Inc. 5000, у топ-100 прадаўцоў Amazon. У Мінскай кампаніі працавала 150+ чалавек.
EIS Group: стварае прадукты для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў страхавых кампаній. Платформа EIS Suite выкарыстоўваецца страхавымі кампаніямі па ўсім свеце. Глабальны штат налічвае 1200+ чалавек, у Мінску працавала каля 250 супрацоўнікаў.
Меркаванне эксперта
Папрасілі прадстаўніка ІТ-індустрыі ацаніць першы сёлетні паток рэзідэнтаў ПВТ:
— Практычна ўсе новыя рэзідэнты не звязаныя з камерцыйным замежным рынкам. Пачынаючы ад CAE, які ўяўляе сабой своеасаблівы бэкофіс распрацоўкі, працуе на галаўную кампанію, а не іншых заказчыкаў, заканчваючы гэмблінгам і аператарамі крыптаплатформаў. Гэта спецыфічныя галіны. Нават калі кампаніі працуюць на B2C, іх складана лічыць «прадуктовымі», а іх лакацыі як лёгка з’яўляюцца, так і знікаюць. У найлепшым выпадку гэта таксама бэкофісы. Другая катэгорыя — скіраваныя на дзяржсектар юрыдычныя асобы. Трэцяя — аўтсорс, але звязаны пераважна з мясцовым рынкам.
Увогуле, за парай выключэнняў вельмі паказальны набор рэзідэнтаў. Ён добра дэманструе, куды паступова паварочваецца ІТ-сектар.