Зяленскі ў Кішынёве: Украіна і Малдова будуць разам у ЕС
Еўрапейская інтэграцыя Украіны і Малдовы прывядзе да ўступлення абедзвюх дзяржаў у ЕС, перакананы прэзідэнт Зяленскі. Пра гэта ён заявіў журналістам у Малдове пасля двухбаковых перамоў з малдаўскай калегай Маяй Санду на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці, піша «Украінская праўда».
01.06.2023 / 11:23
Фота: noi.md
Зяленскі падзякаваў Санду за падтрымку ўкраінскіх уцекачоў і Украіны. «Мы разам, плячо ў плячо… І што важна, наша будучыня — у Еўрасаюзе», — падкрэсліў ён.
«Мы гаварылі пра нашу еўрапейскую будучыню. Украіна сёння гарантуе бяспеку Малдовы, і мы вельмі-вельмі ўдзячныя за гэта», — дадала Мая Санду. Яна таксама падтрымала так званую «формулу міру» ва ўкраінскім бачанні.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна таксама імкнецца да ўступлення ў NATO.
На саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які пройдзе ў «Мімі» пад Кішынёвам, будуць абмяркоўваць супольныя намаганні дзеля міру ў кантэксце вайны ва Украіне і звязаныя з ёй крызісы, абарону дэмакратыі, умацаванне энергетычнай бяспекі і ўстойлівасць еўрапейскіх дзяржаў.
Чытайце таксама: