«Севілья» выйграла Лігу Еўропы
У фінальным матчы, што прайшоў у Будапешце, іспанцы ў серыі пенальці перамаглі італьянскую «Рому».
01.06.2023 / 01:05
Фота: Uefa.com
Асноўны час скончыўся з лікам 1:1. Прычым забіваў толькі італьянскі клуб.
У першым тайме вызначыўся аргенцінскі форвард Паўла Дыбала, а ў другім тайме мяч у свае вароты зрэзаў Джанлука Манчыні. У дадатковы час галоў не было.
А серыю пенальці «Севілья» выйграла з лікам 4:1.
Такім чынам, «Севілья» сёмы раз выйграла Кубак УЕФА / Лігу Еўропы, прычым усе тытулы іспанская каманда заваявала з 2006 года. Калі клуб дабіраўся да фінала еўракубка, то ён ні разу не прайграваў.
У сваю чаргу Жазэ Маўрынью, які зараз трэніруе «Рому», прайграў першы свой еўракубкавы фінал.
7 чэрвеня ў Празе пройдзе фінал Лігі канферэнцый: «Фіярэнціна» — «Вэст Хэм».
А 10 чэрвеня ў Стамбуле — фінал Лігі чэмпіёнаў: «Манчэстэр Сіці» — «Інтэр».