Літоўцы непакояцца, што Лукашэнка можа зноў выкарыстаць нелегальных мігрантаў падчас саміту НАТА
У Літве дапускаюць, што рэжым Лукашэнкі для дэстабілізацыі сітуацыі можа зноў выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў падчас Віленскага саміту НАТА ў ліпені. Пра гэта расказаў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас, піша Delfi.
31.05.2023 / 23:21
«Мы падтрымліваем пастаянны кантакт са службамі разведкі і контрразведкі, ацэньваем абстаноўку на дзяржаўнай мяжы. На сённяшні дзень мне б не хацелася называць нейкую канкрэтную рызыку. Рызыкай, якая ўваходзяць у зону нашай адказнасці, можа быць выкарыстанне нелегальнай міграцыі з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі падчас правядзення мерапрыемства», — сказаў Любаевас на прэс-канферэнцыі, арганізаванай МУС у сераду.
Па словах кіраўніка літоўскіх памежнікаў, нягледзячы на тое, што на сённяшні дзень плынь нелегальных мігрантаў на літоўскай мяжы скарацілася, беларускі рэжым усё ж можа зноў паспрабаваць аднавіць нелегальную міграцыю падчас саміту НАТА.
«Ёсць імавернасць, што рэжым Лукашэнкі і яго памагатыя паспрабуюць выкарыстаць гэты інструмент супраць нас, арганізуючы выштурхоўванне нелегальных мігрантаў на нашу тэрыторыю альбо да мерапрыемства, альбо падчас яго», — адзначыў Рустамас Любаевас.
Тым не менш ён запэўнівае, што сітуацыя на мяжы знаходзіцца пад бесперапынным наглядам і кантролем. «За сітуацыяй на дзяржаўнай мяжы вядзецца бесперапыннае назіранне, таксама вядзецца назіранне і за сітуацыяй у суседніх дзяржавах. Гаворка ідзе не толькі пра Рэспубліку Беларусь, але і пра Расійскую Федэрацыю, і нашы ведамствы вядуць гэты маніторынг», — падкрэсліў ён.
Саміт НАТА ўпершыню ў гісторыі пройдзе ў Вільні 11-12 ліпеня.