111 дзён няма звестак пра Міколу Статкевіча. І сёння роўна тры гады з моманту затрымання

Амаль чатыры месяцы няма вестачкі ад асуджанага на 14 гадоў палітыка Міколы Статкевіча. І, на жаль, выпадак з ім не ўнікальны.

31.05.2023 / 07:32

Фота: «Наша Ніва»

Сувязь з палітыкам, які адбывае пакаранне ў глыбоцкай калоніі, перарвалася ў сярэдзіне лютага.

Статкевіч паўгода быў у адзіночнай камеры, а потым, імаверна, у ШІЗА:

«Сёння (допіс ад 15 мая. — «НН») атрымала адказ з калоніі на свае запыты. … Той, хто нічога не ведае пра сваіх родных, мяне зразумее. 36 спагнанняў, з іх 14 — ШІЗА (5 — за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Цяпер, імаверна, у ШІЗА таксама альбо толькі выйшаў. Чарговы раз пакараны знаходжаннем паўгода ў той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у «звычайнай» калоніі. (Мінулыя паўгода расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што калі не ў ШІЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень. Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе. Лістоў па-ранейшаму няма», — пісала ў сярэдзіне мая яго жонка Марына Адамовіч.

Сёння, 31 мая, роўна тры гады, як Мікола Статкевіч быў затрыманы. Ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай.

Тады Статкевіч і Севярынец заклікалі ў сацыяльных сетках абараніць Сяргея Ціханоўскага, затрыманага 29 мая, і будучыню краіны і далучацца да легальных пікетаў ва ўсіх абласных цэнтрах а 12-й гадзіне ў нядзелю. Паўла затрымаюць праз тыдзень, 7 чэрвеня 2020 года, за два месяцы да пратэстаў.

У снежні 2021 года Статкевіча асудзілі на 14 гадоў калоніі асобага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Мірныя пратэсты пачаліся праз два месяцы, 9 жніўня 2020 года. 12 жніўня 2023 года палітыку споўніцца 67 гадоў.

На жаль, сітуацыя са Статкевічам не ўнікальная. Няма вестак ад лютага ад Максіма Знака, з 10 сакавіка — ад Сяргея Ціханоўскага, пяць тыдняў няма лістоў ад Валянціна Стэфановіча, больш за месяц няма звестак пра Віктара Бабарыку ды іншых людзей.

Чытайце таксама:

Кастусёў трапіў у бальніцу, Статкевіч паўгода быў у адзіночнай камеры

Былыя сядзельцы «Віцьбы» расказалі пра Знака і Вінярскага. Усяго там 150 палітвязняў

У Віктара Бабарыкі можа быць зламана рабро і прабіта лёгкае — Кабанаў

Nashaniva.com