У Сахашчыка скралі дзве торбы з дакументамі, ён падазрае КДБ

Пра тое, што падчас працоўнага візіту ў Чэхію ў яго выкралі «дзве торбы з асабістымі дакументамі», паведаміў сам прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык у сваім тэлеграм-канале.

29.05.2023 / 18:55

Валерый Сахашчык — справа. Фота: t.me/sahashchik

Якія менавіта дакументы былі скрадзеныя, Сахашчык не паведамляе, але кажа, што гэта адбылося праз узлом ягонай машыны. 

«Аналіз здарэння, праведзены на месцы чэшскімі спецыялістамі, сведчыць пра працу спецслужбаў», — сцвярджае палітык. Сам ён абвінавачвае ў тым, што адбылося, лукашэнкаўскі КДБ. 

Тое, што спецслужбам спатрэбіліся ягоныя паперы, Сахашчык расцэньвае як паказчык «паспяховасці праробленай працы». Падчас гэтай паездкі ён правёў сустрэчы ў Празе «з шэрагам еўрапейскіх палітыкаў, якія займаюцца пытаннямі абароны».

У выніку гэтых сустрэч Сахашчык, паводле яго слоў, дамовіўся пра абмен інфармацыяй у сферы бяспекі Беларусі і рэгіёна, пра супрацоўніцтва з мэтай прадухілення ваенных і гібрыдных пагроз у дачыненні да Беларусі і суседніх дзяржаў, а таксама пра супрацьдзеянне спробам Расіі выкарыстоўваць Беларусь у мэтах ядзернага шантажу.

Чытайце таксама:

«Ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, а я проста сядзела і глядзела на яго як закаханая». Прэс-сакратарка Сахашчыка расказала пра сябе, шэфа і Зянона Пазняка

Ютуб-канал Валерыя Сахашчыка і яго старонка ў інстаграме, а таксама зборнік польскіх песень папоўнілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Сахашчык: КДБ рыхтуе правакацыі на заходняй і паўднёвай межах Беларусі

Nashaniva.com