«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Адказ на гэтае пытанне расійскі журналіст Андрэй Архангельскі знаходзіць у адмаўленні маралі. У адрозненне ад афіцыйнага патрыятызму і традыцыйных скрэпаў, гэта наўпрост не афішуецца, але тым не менш унушаецца настойліва і ўпарта: «жыць не па хлусні» — утопія. Усе вакол хлусяць.

29.05.2023 / 18:40

Расійскі журналіст адзначае, што недзе ў пачатку 2000-х у расійскай грамадскай дыскусіі з'явіўся адзін паказальны выраз — «неполживцы».

Яго ўтварылі ад назвы артыкула нобелеўскага лаўрэата Аляксандра Салжаніцына «Жыць не па хлусні» («Жить не по лжи») (1974), каб высмейваць былых антысаветчыкаў. Але за гэтым стаяла нешта глыбейшае: адмаўлялася сама магчымасць жыць не па хлусні.

Архангельскі згадвае, што яшчэ нядаўна, у гады гарбачоўскай перабудовы, заклік «жыць не па хлусні» быў яе ідэйным стрыжнем. Грамадства верыла, што для пераадолення назапашаных праблем неабходна перастаць хлусіць адно аднаму. І раптам у 2000-х гэта зноўку стала выглядаць смешна.

Аглядальнік лічыць, што тут і знаходзіцца корань пуцінскай ідэалогіі.

У адрозненне ад афіцыйнага патрыятызму і традыцыйных скрэпаў, яго нідзе наўпрост не афішавалі, але тым не менш настойліва і ўпарта заклікалі: жыць не па хлусні — утопія. Усе вакол хлусяць.

Гэтая канцэпцыя мае на ўвазе, што чалавек ніколі не стане лепшым. Яго не зменяць ніякія «вялікія перамены». Ён пры любых абставінах, дзе толькі можна, скрадзе або зманіць. Таму ніхто не можа застацца «чысценькім».

Аглядальнік адзначае, што гэтая канцэпцыя пранікла і ў расійскую прапаганду. Яе заўсёды выкарыстоўвалі, калі не было чаго прывесці ў апраўданне. Напрыклад, калі ўжо нельга было схаваць, што расійскія спартсмены прымалі забароненыя прэпараты. Спачатку прапаганда спрабавала давесці, што «ім падкінулі прэпараты, падлілі ў гарбату, падмяшалі ворагі». Але, калі ўжо ўсё было даказана, прапагандысты заявілі: «Так робяць усе».

На думку Архангельскага, выраз «так робяць усе» — фундаментальная ўстаноўка пуцінскай ідэалогіі. Ён вельмі практычны, бо мае на ўвазе, што «святых няма», што ніхто не лепшы за іншых. Калі ніхто «не лепшы за іншых», калі ўсе аднолькава дрэнныя (тым больш на Захадзе) — тады якія патрабаванні да нас?

Такі падыход, лічыць аглядальнік, дапамагае кіраваць, бо ён не прадугледжвае наяўнасці ідэалу. У сітуацыі, калі ніякай праўды няма і быць не можа, прысутнічае шырокая прастора для інтэрпрэтацый і маніпуляцый. Пашыраецца свабода палітычнага манеўру.

«І гэтую пропаведзь цынізму — «святых няма» — прапаганда не забывала падспудна выклікаць усе апошнія 20 гадоў разам з афіцыёзам аб нашай маральнай перавазе», — адзначае Архангельскі.

На яго думку, у гэтую ідэалогію цалкам упісваецца і вайна. Развязаўшы вайну, пуцінскі рэжым падарваў усе ранейшыя маральныя асновы. Вайна замазала ўсіх — і прыхільнікаў, і супернікаў, і нейтралаў. Цяпер быць у белым паліто немагчыма — хіба што добраахвотна аддаць сябе на катаванне сістэме.

Аглядальнік лічыць, што ў 2000-х гадах у Расіі ўсталяваўся імаралізм, у аснове якога ляжала савецкае ўяўленне аб іманентнай амаральнасці буржуазнага жыцця, крытыка якога гучала на старонках часопіса «Крокодил» і падобных выданняў.

Уяўленне аб тым, што на Захадзе «ўсё жыццё пабудавана на падмане, усе палітыкі — хлусы, хлусіць — іх праца», якое тыражавалася ў савецкі час, у 2000-х паслужыла асновай для ціхай легітымацыі гэтай ідэалогіі ў пуцінскай Расіі. Як і ўяўленне аб першапачатковай амаральнасці капіталізму.

Аглядальнік адзначае, што спачатку імаралізм быў проста лакунай, светапогляднай пустэчай, якая ўтварылася пасля краху СССР. У той час ішоў «пошук нацыянальнай ідэі», які ні да чога не прывёў. А праз час, на агульнае здзіўленне, высветлілася, што «ўсё і так працуе».

Імаралізм Архангельскі называе «постмадэрнісцкім адкрыццём Крамля». На яго думку, каштоўнасная пустата, нявызначанасць, ідэалагічная размытасць у XXI стагоддзі аказалася тым, што працуе лепш, чым любыя догмы або дэкларацыі. Па сваім вызначэнні імаралізм шырэйшы за любыя догмы. Ён адзначае, што ў палітыцы імаралізм вельмі практычны, паколькі дае шырэйшы калідор магчымасцяў.

На яго думку, у ідэалогіі імаралізму, акрамя практычнай выгады, ёсць яшчэ і найлепшы сродак супраць будучыні — асноўнай праблемы Расіі пачатку XXI стагоддзя.

Архангельскі параўноўвае таталітарныя рэжымы ХХ і XXI стагоддзяў і прыходзіць да высновы, што галоўным ворагам таталітарызму 2.0 становіцца будучыня. Імаралізм у якасці ідэалогіі падыходзіць тут ідэальна. У адрозненне ад установак на прагрэс («чалавек з часам можа рабіцца лепшым»), імаралізм грунтуецца на зваротным: змяніць чалавечую прыроду ў прынцыпе немагчыма, чалавек заўсёды застанецца абы-якім — а значыць, і спадзявацца на будучыню бессэнсоўна.

На думку аглядальніка, аўтарытарныя рэжымы новага тыпу свядома канцэптуалізуюць страх насельніцтва перад будучыняй. А таксама падспудна паведамляюць абывацелю, што «ўсё найлепшае ўжо зроблена», чалавецтва вычарпала свой патэнцыял. Далей ісці няма куды. Час пры імаралізме, такім чынам, як бы спыняецца.

Іншым аспектам імаралізму як ідэалогіі, на думку Архангельскага, можна назваць барацьбу з любым ідэалам як такім. Каб слова такога не было. Таму, адзначае аглядальнік, якраз інтэлігенцыя (якая ў Расіі лічыцца адзіным захавальнікам чалавекалюбных ідэалаў) старанна і мэтанакіравана высмейвалася ўсе апошнія 20 гадоў.

Архангельскі ставіць пытанне, як вырвацца з гэтай пасткі імаралізму? Як перапыніць кругазварот, пераадолець замкнёнае кола? Ён адзначае, што сёння ўсе людзі ў Расіі, што прызвычаіліся разважаць — і тыя, хто зʼехаў, і тыя, хто застаўся, — таксама знаходзяцца ў палоне пастулату аб тым, што будучыні ўжо не стварыць.

Цяпер уявіць сабе лепшую будучыню сапраўды амаль немагчыма. Для гэтага, заўважае аглядальнік, спачатку давядзецца пераадолець кашмарную сучаснасць. А любая спроба намацаць ідэал у гэтых умовах утапічная. Таго, хто паспрабуе гэта зрабіць, у лепшым выпадку падымуць на смех.

Архангельскі адзначае, што размова аб будучыні цяпер рэч рызыкоўная. Але давядзецца вучыцца гэтаму нанова. Ён лічыць, што імаралізму на роўных сёння можа супрацьстаяць толькі думка, размова, разважанне аб будучыні, якой бы ўтапічнай і нязбытнай яна ні здавалася.

На яго думку, вяртанне маралі таксама немагчымае без вяртання палітыкі ў яе еўрапейскім сэнсе — як прасторы канкурэнцыі ідэй і суперніцтва.

Ён упэўнены, што свабодная палітыка сёння і ёсць практычнае ўвасабленне маральнасці, якая выпрацоўваецца і прымаецца ў грамадскай дыскусіі.

Акурат свабодная палітыка ёсць супрацьлегласцю імаралізму. Яна калектыўнае ўвасабленне маралі ў XXI стагоддзі (калі гэта сапраўдная палітыка, а не яе сурагат).

Менавіта палітыка і працэсы, якія яе суправаджаюць (выбары найперш), і ёсць у практычным сэнсе высвятленне межаў паміж дабром і злом.

Чытайце яшчэ:

Палітолаг Маркаў: Расійская дзяржаўная сістэма прадэманстравала высокую ступень неадэкватнасці

«Кодэкс гонару камуністаў спісаны з біблейскіх запаветаў». Караеў пахваліў сталінскія часы

«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій 

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?»

Антось Жупран