«Не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды СМІ». Мінінфарм не пабачыў парушэнняў закона ў Мукавозчыка, Азаронка і «Жоўтых зліваў»
Былы палітвязень Ілья Міронаў скардзіўся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі на прапагандыстаў, якія беспакарана распальваюць варожасць і абражаюць праціўнікаў Лукашэнкі. Але ведамства, якое заблакавала ўсе незалежныя СМІ, раптам згадала пра законы, якія павінны гарантаваць іх свабоду.
27.05.2023 / 20:49
Ілья Міронаў
Міністэрства інфармацыі за подпісамі кіраўніка ведамства Пярцова і яго намесніка Бузоўскага заяўляюць, што нічога не будуць рабіць з каналам «Жоўтыя злівы», бо ён не зарэгістраваны як сродак масавай інфармацыі і паўнамоцтвы ведамства на яго не распаўсюджваюцца.
Каб паўплываць на Андрэя Мукавозчыка, Мінінфарм параіў Міронаву звярнуцца непасрэдна ў Выдавецкі дом «Беларусь сёння», таму што міністэрства не можа вызначаць рэдакцыйную палітыку выдання.
Што тычыцца заяў Азаронка, то тут Мінінфарм зрабіў адпіску, што Міронаў не пацвердзіў, што тое, што было ў тэлеграм-канале СТБ, было і ў эфіры тэлеканала.
Таксама Міністэрства інфармацыі паведаміла гамельчуку, што «не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі».