У доме для эліты БССР у Мінску прадаюць кватэру — там захавалася нават савецкае бідэ
Гэта пяціпакаёвая кватэра прадаецца ў доме для партыйнай і творчай эліты БССР каля плошчы Перамогі. У ёй захавалася арыгінальнае аздабленне 1970-х — паркет, драўляныя дзверы з вялікімі шклом і нават савецкае бідэ, піша Realt.by.
26.05.2023 / 10:49
Фота тут і далей: Realt.by
Сяміпавярховы цагляны дом пабудавалі на Вайсковым завулку, 10 у 1971 годзе.
У ім жылі ў тым ліку кіраўнікі Вярхоўнага савета БССР Іван Палякоў і Георгій Таразевіч, першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў і пісьменнік Андрэй Макаёнак. І гэты дом адпавядае высокаму становішчу яго тагачасных жыхароў: абгароджаная тэрыторыя, прасторныя пад'езды, вялікія кватэры з вялізнымі вокнамі і іншыя рэчы, недаступныя тады звычайнаму жыхару савецкай шматпавярхоўкі.
Нядаўна на продаж у гэтым доме выставілі пяціпакаёвую кватэру плошчай 164 метры на чацвёртым паверсе. Плошча кухні таксама вялікая для тых часоў — 11 квадратаў.
У кватэры амаль няма мэблі, але затое можна разгледзець арыгінальнае аздабленне 1970-х.
У кватэры тры балконы (на розныя бакі) і як мінімум два санвузлы. У адным з іх можна ўбачыць нават савецкае бідэ — недаступную рэч для большасці людзей у тыя часы.
На падлозе ў кватэры — паркет. Вокны — амаль у шырыню сцяны. Столі — 2,8 метра.
За кватэру просяць 300 тысяч даляраў (1829 даляраў за метр).