Лукашэнка заявіў, што пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў Маскве, дзе праходзіў саміт ЕАЭС.
25.05.2023 / 18:34
Скрын відэа «Пул першага»
Сёння ў Мінску міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія тычацца размяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Шайгу паставіў кропку ў пытанні — ядзернай зброяй будзе кіраваць толькі Расія.
Лукашэнка ў Маскве выказаўся з гэтай нагоды:
«Нам трэба было падрыхтаваць месцы захоўвання і іншае. Мы ўсё гэта зрабілі, таму пачалося перамяшчэнне ядзернай зброі і боепрыпасаў».
Расійскі журналіст удакладніў, ці зброя ўжо ў Беларусі.
«Магчыма, я прыеду пагляджу», — сышоў ад адказу Лукашэнка.
У іншым каментары Лукашэнка таксама казаў, што менавіта Пуцін вырашае, дзе і колькі боепрыпасаў размясціць.
Раней палітык супакойваў расіян, што з іх зброяў на тэрыторыі Беларусі нічога не здарыцца. «Мы акуратныя, гаспадарлівыя», — даваў каментар Лукашэнка.
Чытайце таксама: