Прыгожын пачаў выводзіць «вагнераўцаў» з Бахмута

У прэс-службе Прыгожына заявілі, што ПВК «Вагнер» пачала вывад падраздзяленняў з Бахмута.

25.05.2023 / 10:22

Фота: прэс-служба Прыгожына

Раней кіраўнік прыватнай ваеннай кампаніі заяўляў, што 25 мая найміты ПВК «Вагнер» пакінуць тэрыторыю горада і адправяцца на адпачынак і перападрыхтоўку, нагадвае moscowtimes.

Прыгожын таксама заяўляў аб адводзе войскаў ПВК «Вагнер» у тыл для адпачынку і перападрыхтоўкі. Пазіцыі ў Бахмуце, па яго словах, будуць перададзеныя рэгулярнай арміі. 

«На Хромава мы не ідзём, на Іванаўскае не ідзём, мы перадаём свае пазіцыі і з 25-га пакідаем зону баявых дзеянняў. З 1 чэрвеня ніводнага байца ПВК «Вагнер» на пярэднім краі не будзе. Да таго часу, пакуль мы не пройдзем перафармаванне, дааснашчэнне і даабучэнне», — казаў раней Прыгожын, адзначаючы, што Хромава і Іванаўскае (пасёлак і сяло ў Бахмуцкім раёне) будуць штурмаваць падраздзяленні Мінабароны.

На мінулых выходных кіраўнік ПВК «Вагнер» абвясціў пра ўзяцце Бахмута. Паводле яго слоў, найміты выйшлі на заходнюю ўскраіну горада.

Узброеныя сілы Украіны адмаўлялі заявы аб захопе гораду. «Гэта няпраўда. Нашы падраздзяленні працягваюць баі», — сказаў спікер Усходняй групоўкі УСУ Сяргей Чараваты.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама зняпраўдзіў кантроль Расіі над Бахмутам. Аднак ён заявіў, што горад быў цалкам разбураны расейскімі войскамі ў спробах яго захапіць.

«Вы павінны зразумець: там нічога не засталося. Яны знішчылі ўсё. Там ніводнага цэлага будынка. Гэта велізарная трагедыя, але сёння Бахмут існуе толькі ў нашых сэрцах», — сказаў Зяленскі, выступаючы на саміце «Вялікай сямёркі» ў Хірасіме.

Бахмут размешчаны ў Данецкай вобласці Украіны. З мінулага года ён стаў месцам баёў паміж украінскімі і расейскімі войскамі. Толькі са снежня да красавіка Расія страціла ў бахмуцкай аперацыі больш за 100 000 чалавек, уключаючы больш за 20 000 загінулых падчас баявых дзеянняў, як казаў у пачатку мая каардынатар стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.

Nashaniva.com