Польшча мае падтрымаць «войскі, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі» — экс-намеснік міністра абароны
«Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі, бо яно адбудзецца», — заявіў генерал Вальдэмар Скшыпчак.
24.05.2023 / 12:51
Пратэсты ў жніўні 2020 года ахапілі ўсю краіну і ўсе слаі грамадства. Фота: «Наша Ніва»
«Трэба быць гатовымі падтрымаць войскі, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі», — сказаў былы намеснік міністра абароны генерал Вальдэмар Скшыпчак у эфіры тэлеканала Polsat.
Ён удакладніў, што гэта можа здарыцца пасля поспеху ўкраінскага наступу.
У ацэнцы адстаўнога польскага генерала, «калі ўкраінскі контрнаступ скончыцца поспехам, то тыя ўзброеныя беларусы, якія складаюць частку баявога патэнцыялу ўкраінскай арміі, не складуць зброі». «Яны пойдуць на Беларусь. Спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, гэтага Лукашэнка баіцца», — сказаў генерал.
«Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі, бо яно адбудзецца. Гаворка пра тое, каб мы не праспалі гэты момант», — сказаў генерал Скшыпчак.
«Трэба быць гатовымі да падтрымкі тых атрадаў, якія будуць ажыццяўляць аперацыі супраць Лукашэнкі. Ëсць падставы дапамагаць ім так, як мы дапамагаем украінцам», — мяркуе ён.
Ëн думае, што «беларускі народ падтрымае іх і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі». Што да рэжыму, то, паводле польскага генерала, «у яго ўжо няма такога вайсковага патэнцыялу, каб прадухіліць такое паўстанне». «Расія яму моцна не дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы», — так ацэньвае сітуацыю польскі генерал.