Выкінутыя на сметнік вакцыны, шалёныя выплаты, пагоня за паказчыкамі — Швед расказаў пра крымінальныя справы на дактароў
Генпракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Лукашэнкі заявіў, што за 2022 і 2023 гады заведзена больш за 60 крымінальных спраў у медыцыне.
24.05.2023 / 08:47
«У гэтым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на сметніцу прыдатныя да ўжывання вакцыны супраць кавіду. 6 405 упаковак выяўлена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай абласцях», — расказаў генпракурор.
Ён дадаў, што гэтымі фактамі зоймуцца.
«На паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыкавідных прэпаратаў перавышае 180 тысяч рублёў», — канстатаваў Андрэй Швед.
Таксама генпракурор звярнуў увагу на карумпаванасць сферы аховы здароўя. Па яго словах, па выніках мінулага года і ў бягучым пракурорамі ўжо заведзена больш за 60 крымінальных спраў. Прычым гаворка ідзе не толькі пра хабарніцтва.
«У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя дактары выкарыстоўваюць выдзеленыя па вашым даручэнні так званыя кавідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўныя дактары ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700%. А тым медсёстрам з кавідных аддзяленняў — 27—29%. Гэта здзек з людзей, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах», — абурыўся генпракурор.
Чытайце таксама:
Лукашэнка прыгразіў кіраўнікам аблвыканкамаў, што здзярэ з іх скуру. За што?
«Мучыцца вы са мной будзеце доўга». Лукашэнка сказаў, што ў яго быў адэнавірус