У баях за Бахмут загінулі 10 тысяч зняволеных і 10 тысяч штатных байцоў ПВК «Вагнер» — Прыгожын

Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын агучыў звесткі аб палеглых захопніках Бахмута.

24.05.2023 / 07:15

Зруйнаваны Бахмут. Фота: 24-ая АМБр

У баях за Бахмут загінулі 10 тысяч зняволеных і 10 тысяч штатных байцоў ПВК «Вагнер». Пра гэта Яўген Прыгожын заявіў у інтэрв'ю Канстанціну Далгову.

Паводле Прыгожына, страты ўкраінцаў большыя: 50 тысяч загінулых, 50—70 тысяч параненых. Аднак гэта не можа быць праўдай: пры наступальных аперацыях у гарадах тыя, хто наступае, нясуць страты ў разы большыя, чым тыя, хто абараняецца.

«СВА (спецыяльная ваенная аперацыя — вайна) рабілася дзеля «дэнацыфікацыі» … а мы зрабілі Украіну нацыяй, якая вядомая ва ўсім свеце. Цяпер што тычыцца «дэмілітарызацыі». Калі ў іх было на пачатак спецаперацыі ўмоўна 500 танкаў, цяпер у іх пяць тысяч. Калі ваяваць тады ўмелі 20 тысяч байцоў, то цяпер 400 тысяч. Як жа мы яе дэмілітарызавалі? Цяпер мы, наадварот, — хрэн ведае як — мілітарызавалі Украіну», — заявіў кухар Пуціна.

Таксама ён адзначыў, што нібыта да 10 чэрвеня ПВК павінна «максімальна карэктна» перадаць Бахмут падраздзяленням УС РФ.

Тым часам Інстытут вывучэння вайны (ISW) звярнуў увагу на тое, што Генштаб Украіны ўпершыню са снежня 2022 года не паведаміў пра баі ў Бахмуце. Аналітыкі патлумачылі гэта магчымым прасоўваннем «вагнераўцаў» углыб горада.

Аналітыкі нагадваюць, што ўкраінскія афіцыйныя асобы заявілі, што тэмп баёў на бахмуцкім кірунку знізіўся на фоне працягу абмежаваных украінскіх контратак на флангах Бахмута 23 мая.

Генеральны штаб таксама паведаміў, што расійскія войскі правялі няўдалыя наступальныя дзеянні паблізу Хромава (непасрэдна на захад ад Бахмута).

Чытайце таксама:

NYT паказала з вышыні знішчаны дашчэнту Бахмут

Прыгожын паведаміў, што выведзе вагнераўцаў з Бахмута ў тыл да 1 чэрвеня

Вагнераўцы залезлі ў Бахмут, як пацукі ў пастку — Сырскі

Nashaniva.com