Украінцы захапілі памежны пункт, падышлі да горада Грайварана ў Белгародскай вобласці

Упершыню баі з выкарыстаннем верталётаў і бранятэхнікі адбываюцца на тэрыторыі Расіі.

22.05.2023 / 17:02

Дым ад пажараў у памежнай вёсцы. Скрыншот відэа

Сёння ўранку ўзброеная група пры падтрымцы як мінімум аднаго танка і некалькіх адзінак бранятэхнікі зайшла на тэрыторыю Белгародскай вобласці Расіі. Пасля кароткага бою яны захапілі пагранічны пункт і прайшлі праз некалькі населеных пунктаў у кірунку горада Грайварана.

Горад Грайваран з насельніцтвам 6000 чалавек знаходзіцца за 5 кіламетраў ад украінскай мяжы на аўтадарозе Ахтырка — Тамароўка — Белгарад. Занятыя ўкраінскімі сіламі сёлы Казінка, Гара-Падол і Глотава ляжаць суцэльнай смугой ад мяжы да Грайварана.

Расійскія СМІ паведамляюць пра артылерыйскі абстрэл Грайварана. У небе над вобласцю назіралі расійскія вайсковыя верталёты. Паведамляецца аб прывядзенні паліцыі вобласці ў стан поўнай гатоўнасці, а таксама аб пошуку дыверсійных груп у розных раёнах вобласці. СМІ паведамляюць пра эвакуацыю насельніцтва Грайварана і прылеглых населеных пунктаў. 

Адказнасць за падзеі ўзялі на сябе легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус. Яны заявілі, што «вызвалілі» населены пункт Казінка Белгародскай вобласці ў мэтах стварэння на прымежнай расійскай тэрыторыі буфернай зоны, каб абараніць тэрыторыю Украіны ад абстрэлаў.

Таксама яны паведамілі пра ўваход «перадавых атрадаў» у горад Грайваран — аднак апошняму няма пацвярджэння ў расійскіх каналах.

Уранку паведамленні ўкраінскіх каналаў і расійскіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў аб захопе памежнага пункта ўлады расійскага рэгіёна называлі фэйкамі і інфармацыйнай атакай. Пазней губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што на тэрыторыю Грайваронскай акругі зайшла дыверсійна-разведвальная група УСУ.

«Узброеныя сілы РФ разам з пагранслужбай, Расгвардыяй і ФСБ прымаюць неабходныя меры па ліквідацыі праціўніка», — заявіў Гладкоў.

З’явіліся фота, як сцвярджаецца, з населеных пунктаў Белгародскай вобласці, куды зайшлі дыверсанты, а таксама шматлікіх аўтобусаў, адпраўленых для эвакуацыі насельніцтва.

У Белгародскай вобласці аб'яўлены агульны збор супрацоўнікаў ва ўсіх аддзелах унутраных спраў рэгіёна.

Інфармаваны тэлеграм-канал Baza паведаміў пра крушэнне пад Белгарадам расійскага вайсковага верталёта Мі-8.

У ГУР Украіны падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі пракаментавалі так.

Мэтай аперацыі прадстаўнік вайсковай разведкі Андрэй Юсаў назваў «стварэнне паласы бяспекі для абароны мірных украінцаў».

«Падзеі ў Белгародскай вобласці і іншых прымежных тэрыторыях — наступствы поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай вайны пуцінскай Расіі супраць Украіны. Так, адказнасць за гэтыя падзеі ўзялі на сябе грамадзяне РФ, а менавіта сілы РДК і легіёна «Свабода Расіі». Я думаю, што мы ўсе толькі можам павітаць рашучыя дзеянні апазіцыйна настроеных грамадзян Расіі, якія гатовыя да ўзброенай барацьбы са злачынным рэжымам Пуціна», — цытуе прадстаўніка ГУР тэлебачанне «Громадське».

Nashaniva.com