Што можа азначаць памілаванне Пратасевіча? Тлумачаць аналітыкі

Сёння стала вядома, што Раман Пратасевіч, асуджаны па справе Nexta на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў памілаваны. Спыталі ў экспертаў, чаму Лукашэнка вырашыў пайсці на такі крок. 

22.05.2023 / 17:48

Раман Пратасевіч каля Мінскага абласнога суда, 22 мая 2023 г. Фота: БелТА

Класкоўскі: «Магчыма, Пратасевіча працягнуць выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах»

Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што памілаваннем Пратасевіча ўлады хочуць паказаць свой нібыта гуманізм.

«Дручкі па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваюцца для, так бы мовіць, стабілізацыі сітуацыі, але трэба неяк перацягваць частку грамадства на свой бок. Жэст «міласэрнасці» ў дачыненні да Пратасевіча разлічаны і на тых апанентаў рэжыму, якія вагаюцца. Не ўсім соладка ў палітычнай эміграцыі, таму такім прыкладам улады хочуць нейкім чынам паўплываць як на настроі пратэснай часткі грамадства, так і на тых, хто думае, што ў нас не ўсё так дрэнна», — лічыць аналітык.

Пры гэтым Класкоўскі адзначае, што эфект ад такіх дзеянняў будзе нязначны, бо рэпрэсіі працягваюцца і сутнасць рэжыму не змяняецца.

Галоўным мэсэджам, які ўлады хацелі данесці, Класкоўскі лічыць пакаянне.

«Улады ў цэлым і Лукашэнка ў прыватнасці актыўна педалююць тэму пакаяння. Яны акцэнтуюць увагу на тым, што апаненты мусяць прыпаўзці на каленях. Пратасевіч здаўся, узняў рукі. І нават сёння казаў, што шалёна ўдзячны краіне і прэзідэнту ў прыватнасці.

Але гэтая ўмова — «прыпаўзці на каленях» — непрымальная для значнай часткі праціўнікаў гэтай сістэмы. Таму я думаю, што вялікага эфекту не будзе», — кажа Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі таксама не выключае, што праз кейс з Пратасевічам улады намагаюцца паспрабаваць ажывіць інтарэс да камісіі па вяртанні, якая аказалася не вельмі запатрабаванай.

Раман Пратасевіч. Скрыншот відэа

«Магчыма, яны разлічваюць, што пасля гэтага ў іх з’явіцца плынь заяў, што малаверагодна, бо ўсе разумеюць, што гэта такое. Што памілаванне можна атрымаць толькі праз шлях поўнай маральнай капітуляцыі, а гэта для многіх непрымальна».

Таксама Класкоўскі звяртае ўвагу, што той жа Раман Пратасевіч усё ж такі апынуўся ў Беларусі не па сваёй волі.

«Калі б не гэтая прымусовая пасадка самалёта, то Пратасевіч мог бы і далей заставацца апазіцыянерам, а тая камісія прапануе добраахвотна вярнуцца ў Беларусь і здацца рэжыму».

Сярод іншага, Класкоўскі адзначае, што памілаванне Пратасевіча ў пэўным сэнсе можа быць элементам гульні на ўнутраным полі ў межах падрыхтоўкі да электаральнай кампаніі 2024 года, калі адбудзецца «адзіны дзень галасавання».

Фота: «Наша Ніва»

«Ім патрэбны нейкія гульцы на ўнутраным полі. Магчыма, Пратасевіча працягнуць выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах. Магчыма, ён хутка апынецца недзе побач з Васкрасенскім, каб паказаць, што ідзе супраца з нібыта прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, якія сталі на шлях выпраўлення.

Мяркую, што ўладам такая гульня будзе патрэбная, бо яны ўжо разбурылі трэці сектар і зараз збіраюцца зачысціць палітычныя партыі. Таму ім трэба ствараць нейкую бутафорыю, каб на гэтай сцэне нейкія фігуры маглі рабіць пэўныя рухі і заявы», — лічыць аналітык.

Памілаваўшы Рамана Пратасевіча, рэжым паказаў, што ён здольны дараваць, але рабіць гэта ён можа выключна тады, калі цалкам атрымаў перамогу над апанентам. Праз гэта атрымліваецца, што, напрыклад, вызваленне Андрэя Пачобута ў абмен на адкрыццё «Баброўнікаў» для Лукашэнкі ўяўляецца непрымальным варыянтам.

«Гэта было б добра і эканамічна выгадна для краіны, але тады Лукашэнка не выглядаў бы пераможцам, як у справе з Пратасевічам, бо яму не ўдалося паставіць Пачобута на калені. Таму Лукашэнка лічыць за лепшае несці нейкія эканамічныя страты, чым саступіць «ворагу».

Але калі «вораг» пасыпаў галаву попелам, то ўлады могуць паказаць гэты фальшывы гуманізм. А вызваленне Пачобута для Лукашэнкі выглядае, як здацца перад Захадам. Лукашэнка баіцца, што гэта ўздыме баявы дух праціўнікаў, таму вязням, якія трымаюцца цвёрда, ён дараваць не гатоў», — упэўнены аналітык.

Шрайбман: «Кейс з Пратасевічам — гэта ўнікальная гісторыя»

Арцём Шрайбман. Фота: старонка ў фэйсбуку Арцёма Шрайбмана

Аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што памілаванне Пратасевіча нельга ўспрымаць за пачатак нейкага трэнду. Ён упэўнены, што выпадак з Пратасевічам з’яўляецца адзінкавым і ўнікальным па сваёй сутнасці.

«Кейс з Пратасевічам — гэта ўнікальная гісторыя, калі даволі відны палітвязень пайшоў на супрацу, прычым такога вельмі высокага ўзроўню. Ён не проста запісаў адно пакаяльнае відэа, а здаў многіх людзей, актыўна выкарыстоўваўся ў прапагандзе, выступаў, відавочна змяніў нейкія свае погляды», — кажа Шрайбман.

Таму, на думку аналітыка, цалкам лагічна, што ўлады хацелі б узнагароджваць такія паводзіны.

«Уладам важна, каб людзі, якія з імі супрацоўнічаюць, не думалі, што гэта бескарысна. Гэта робіцца на будучыню. Калі Пратасевіча пасадзіць на восем гадоў, то якая будзе матывацыя ў іншых людзей, у супрацоўніцтве з якімі зацікаўлена ўлада? Таму цалкам зразумела, што яны хацелі палегчыць ягоны лёс», — лічыць Шрайбман.

Арцём адзначае, што гэта было бачна ад самага пачатку, калі ён апынуўся пад хатнім арыштам, а пасля прысуду яго не накіравалі ў турму.

«Аднак я меркаваў, што ён некалькі месяцаў усё ж такі правядзе ў турме, але аказалася ўсё больш празаічна. Супрацоўнічаў — вось табе падзяка», — кажа Арцём Шрайбман.

Сітутацыя ж з Пачобутам, за вызвалення якога польскі бок абяцаў аднавіць працу «Баброўнікаў», цалкам іншая.

«Пачобут паказаў сабе моцным чалавекам, таму пайсці на саступкі пад ціскам з боку Захаду за адкрыццё мяжы для Лукашэнкі азначае згубіць твар. Яму сорамна рабіць такое. Як кажуць, «пацаны не зразумеюць». Толькі палякі прыгразілі — і ён здаўся, а Пачобут выйдзе героем. А тут усё зразумела, бо Пратасевіч цалкам здаўся на ласку ворагу і тут няма ніякіх герояў, як і няма ніякага прыніжэння для Лукашэнкі».

Карбалевіч: «Пакайцеся, перайдзіце на наш бок, пахваліце Лукашэнку, аблайце апазіцыю»

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Палітолаг Валер Карбалевіч таксама звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку з Пратасевічам ад самага пачатку было відавочна, што справа ідзе да гэтага.

«Тут і тое, што ён апынуўся пад хатнім арыштам, і тое, што падчас суда ён быў не за кратамі, а сядзеў у зале без кайданкаў. І тое, што пасля вынясення прысуду яго не ўзялі пад варту. Хоць такога ў Беларусі па такіх цяжкіх артыкулах не бывае», — звяртае ўвагу палітолаг.

Сярод іншага Карбалевіч адзначае, што Раман не падаваў апеляцыі. Таму, на яго думку, ужо тады было зразумела, што размова ідзе пра нейкую палітычную гульню.

«Сэнс гэтай гульні паказаць усім, найперш палітвязням і ўвогуле праціўнікам Лукашэнкі, «правільную» мадэль паводзінаў. Палітвязень павінен не толькі пакаяцца, прызнаць свае «памылкі», супрацоўнічаць са следствам, але і капітуляваць палітычна і маральна. Такі чалавек павінен лаяць апазіцыю і перайсці на бок Лукашэнкі. Вось такую мадэль прадэманстраваў Пратасевіч, за што ў выніку атрымаў памілаванне», — кажа Карбалевіч.

Таксама Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на адзін з выступаў Лукашэнкі, падчас якога той прапанаваў апанентам прызнаць, што яны пацярпелі паразу.

«У гэтым і ёсць сэнс такога памілавання — што таму, хто прызнае паразу і рацыю рэжыму, улады гатовы даваць нейкія льготы.

Гэта мусіць тычыцца і тых, хто эміграваў. Для гэтага і створана адмысловая камісія пад кіраўніцтвам Шведа. Пакайцеся, перайдзіце на наш бок, пахваліце Лукашэнку, аблайце апазіцыю, раскажыце, як вас выкарысталі, — і будзе вам шчасце», — кажа Карбалевіч.

Пры гэтым палітолаг не лічыць, што такі працэс будзе масавы. Першым, каго памілаваў Лукашэнка, быў Юры Васкрасенскі.

Юры Васкрасенскі. Фота: «Наша Ніва»

«На тысячы людзей гэта вельмі мала, што паказвае на тое, што беларуская дэмакратычная супольнасць не ідзе на такія крокі і не хоча ісці на маральную капітуляцыю», — кажа Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч таксама мяркуе, што цяпер улады проста не гатовыя да нейкіх дзеянняў, накіраваных на паляпшэнне адносін з Захадам.

«Калі ў 2015 годзе паўстала пытанне нармалізацыі адносін з Захадам, то Казуліна, Статкевіча проста выпіхнулі за дзверы калоніі. Таму цяпер выглядае, што ўлады не гатовыя ісці на нейкія саступкі, каб пачаць проста так дараваць сваім апанентам», — лічыць Карбалевіч.

Чытайце таксама: 

«Шалёна ўдзячны краіне і асабіста прэзідэнту». Раман Пратасевіч памілаваны 

«Наша дзяўчынка ўсё гэта цягне, а гэты…» Цётка Сафіі Сапегі пракаментавала памілаванне Пратасевіча 

Марыю Калеснікаву па-ранейшаму «прэсуюць» у калоніі

Даніла Луцкевіч