Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткай Азербайджана
Арменія прызнае Нагорны Карабах часткай Азербайджана пры ўмове забеспячэння бяспекі армянскага насельніцтва, заявіў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян па выніках армяна-азербайджанскіх перамоў, якія прайшлі пры пасярэдніцтве ЗША ў Вашынгтоне.
22.05.2023 / 13:34
Паводле яго слоў, Арменія прызнае тэрыторыю Азербайджана ў 86 600 квадратных кіламетраў, якая ўключае ў сябе Карабах. «Але пры гэтым мы гаворым пра тое, што пытанне правоў і бяспекі народа Нагорнага Карабаха павінна абмяркоўвацца ў фармаце Сцепанакерт — Баку», — адзначыў ён.
Акрамя таго, Пашынян заявіў аб магчымым выхадзе Арменіі з АДКБ.
«Калі Арменія дэ-юрэ прыме рашэнне аб выхадзе з АДКБ, то гэта адбудзецца пасля таго, як Арменія зафіксуе, што АДКБ сышла з Арменіі. Такі парадак дня існуе, калі АДКБ стане нядзейнай арганізацыяй. Тады мы павінны будзем самі вырашаць свае пытанні бяспекі», — цытуюць Пашыняна СМІ.
Ён дадаў, што сяброўства ў АДКБ стварае для Арменіі праблемы з закупкай вайсковай тэхнікі і абмеркаваннем пытанняў бяспекі.
Чытайце таксама:
Пашынян абвінаваціў расійскіх міратворцаў у бяздзейнасці