Збанкрутаваў ільнозавод з амаль стагадовай гісторыяй
10 мая Эканамічны суд Віцебскай вобласці распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве адкрытага акцыянернага таварыства «Лёзненскі льнозавод», амаль усе акцыі якога належаць дзяржаве, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
20.05.2023 / 22:11
Фота: vitvesti.by
Як вынікае з матэрыялаў справы, ужо з 2018 года льнозавод мае няўстойлівае эканамічнае становішча. Цяпер крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складае 4 376 169 рублёў 30 капеек, з якіх 953 947 рублёў 2 капейкі — абавязковыя плацяжы.
На льнозаводзе працуе 55 чалавек, ён займаецца перапрацоўкай ільнотрасты, у тым ліку і для дзяржаўнага прадпрыемства «Лёзна-лён», якое не мае сваіх вытворчых магутнасцяў. Раней ільнозавод таксама сам вырошчваў лён, аднак вясной 2022 года яго перасталі сеяць.
Суд прызначыў на прадпрыемства часовага кіраўніка і вызначыў ахоўны перыяд тэрмінам да 10 ліпеня.
Лёзненскі льнозавод заснаваны больш за 90 гадоў таму, 5 снежня 1930 года. Цяпер ААТ «Лёзненскі льнозавод» структурна ўваходзіць у аб'яднанне «Віцебскабллён».
Калісьці вельмі развітае ў Беларусі льнаводства ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў крызісе, Лукашэнка яшчэ ў 2019 годзе загадваў аптымізаваць колькасць ільнозаводаў у Віцебскай вобласці шляхам іх скарачэння. І гэты працэс ідзе да гэтага часу. А рашэнні аб мадэрнізацыі галіны прымаліся яшчэ раней.
У кастрычніку 2021 года, дарэчы, на Лёзненскім ільнозаводзе адбыўся буйны пажар, які сярод іншага стаў адметны і тым, што падчас яго тушэння памёр намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Мазоль. У яго не вытрымала сэрца.
Чытайце таксама:
Мачулішчы, Мачулішчы… А што значыць па-беларуску «мачулішча»?
Пяць лакальных беларускіх брэндаў адзення, пра якія вы маглі не ведаць. А дарма