Рашэнне Вярхоўнага суда Злучаных Штатаў занепакоіла свет мастацтва

Вядомы Фонд Эндзі Уоргала быў прызнаны вінаватым у парушэнні аўтарскіх правоў. Прычынай стала фатаграфія спевака Прынса, якую калісьці выкарыстаў мастак поп-арту.

21.05.2023 / 13:43

Фота Прынса, зробленае Лін Голдсміт (злева) у 1981 годзе, і 16 шаўкаграфічных партрэтаў, якія пазней зрабіў Эндзі Уоргал, выкарыстоўваючы фота ў якасці эталона. Фота: дакументы Вярхоўнага суда ЗША

Сямю галасамі супраць двух суддзі Вярхоўнага суда ЗША абавязалі Фонд выяўленчага мастацтва Эндзі Уоргала выплаціць ганарары фатографу Лін Голдсміт (Lynn Goldsmith), якая ў 1981 годзе зрабіла здымак спевака для часопіса Newsweek.

Як апавядае Le Monde, сама гісторыя пачалася ў 1984 годзе, калі Эндзі Уоргал (Andy Warhol, 1928—1987) выкарыстаў фотаздымак Прынса (Prince, 1958—2016) для стварэння партрэта спевака на замову часопіса Vanity Fair. Голдсміт тады атрымала 400 даляраў за выкарыстанне яе фотаздымка.

Уоргал скадраваў, павялічыў і афарбаваў малюнак, як ён рабіў раней з партрэтамі Элізабет Тэйлар і Мэрылін Манро, паказаўшы Прынса з фіялетавай скурай, што нагадвае яго мегапапулярны хіт Purple Rain, на аранжавым фоне.

Але ў працэсе работы Уоргал стварыў не адзін малюнак, які быў размешчаны ў часопісе, а 16 на розных фонах, з якіх два зроблена алоўкам.

Пасля смерці Уоргала серыю выкупіў яго фонд. А ў 2016 годзе на старонках Vanity Fair з'явіўся іншы варыянт партрэта Прынса з аранжавым тварам работы Уоргала. Часопіс купіў у Фонду мастака права на яе выкарыстанне ў спецвыпуску памяці Прынса. Аўтар фотаздымка ганарару не атрымала.

У 2017 годзе фатограф звяртаецца ў Фонд Уоргала з патрабаваннем выплаты за выкарыстанне свайго здымка, але фонд адмаўляе са спасылкай на так званае «добрасумленнае выкарыстанне».

Яно прадугледжвае абмежаванае выкарыстанне аўтарскага твора ў адукацыйных, навуковых і іншых сацыяльна значных мэтах без неабходнасці атрымання дазволу ад праваўладальніка.

Спрэчка цягнецца ў судзе на працягу сямі гадоў, падымаючы вострую праблему вакол ступені запазычанняў.

Ключавым фактарам, які суды выкарыстоўваюць для вызначэння добрасумленнага выкарыстання, зʼяўляецца наяўнасць у новага твора «трансфармуючай» мэты. Пад ёю маецца на ўвазе пераўтварэнне арыгінальнага твора шляхам дабаўлення новых значных элементаў, каментароў, інтэрпрэтацый ці змен, якія надаюць твору новае значэнне, сэнс ці кантэкст.

Новы твор павінен не проста капіяваць ці паўтараць арыгінал, а і выкарыстоўваць яго ў новым і арыгінальным кантэксце.

Найбольш вядомыя выпадкі — пародыя, пры якой арыгінальны твор выкарыстоўваецца для стварэння камічнага або сатырычнага эфекту, адукацыйныя мэты, дзе арыгінальны твор выкарыстоўваецца для навучання або ілюстрацыі канцэпцый, і крытыка, дзе арыгінальны твор аналізуецца, ацэньваецца або каментуецца.

У Злучаных Штатах параметры «добрасумленнага выкарыстання» не акрэслены ў заканадаўстве. У кожным канкрэтным выпадку рашэнне прымаюць суддзі згодна са сваім меркаваннем.

У выпадку Уоргала суддзі вырашылі, што мэты фатографа, якая зрабіла здымак спевака, і мастака, які на яго аснове стварыў свой партрэт, аднолькавыя — камерцыйнае выкарыстанне.

І ўсё ж двое суддзяў з калегіі Вярхоўнага суда былі супраць такога рашэння. Яны адзначаюць, што ў свой час запазычвалі Марк Твэн, Стывенсан, Шэкспір і нават Тыцыян, а падыход Вярхоўнага суда можа задушыць творчасць.

Як адзначае Le Monde, такое рашэнне можа паўплываць на свет мастацтва. Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША адкрывае шлюзы для пазоваў аб парушэнні аўтарскіх правоў супраць некаторых творцаў. А ў будучыні мастакам давядзецца быць больш асцярожнымі ў выкарыстанні твораў трэціх асоб.

Чытайце яшчэ:

Гарысан Форд атрымаў «Залатую пальмавую галіну». Гэта было вялікай нечаканасцю для славутага акцёра

Два партрэты Рэмбранта знайшлі праз 200 год захоўвання ў прыватнай калекцыі

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

Антось Жупран