У беларускай арміі ёсць усё неабходнае для абароны краіны — Хрэнін

Пра гэта заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін падчас выступу перад новым папаўненнем, якое прыняло прысягу ў 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры ў Пячах.

20.05.2023 / 11:19

Як адзначыў Віктар Хрэнін, тысячы маладых людзей прысягнулі на вернасць беларускаму народу. На яго думку, прыняцце вайсковай прысягі — важны воінскі рытуал. «З гэтай хвіліны грамадзяне нашай краіны давяраюць вам самае дарагое — будучыню і сучаснасць Радзімы. Учарашнія хлопчыкі прынялі на сябе абавязак самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Беларусі», — цытуе словы Хрэніна БелТА.

Міністр абароны падкрэсліў, што на фоне няпростай абстаноўкі ля беларускіх меж у краіне забяспечаны мір, стабільнасць, спакой і згода. «І наша задача і надалей забяспечыць гэтыя галоўныя прыярытэты», — сказаў Хрэнін.

Віктар Хрэнін таксама заявіў, што абарона Айчыны — гэта святы абавязак грамадзян Беларусі. «Сёння беларуская армія мае ўсё неабходнае для абароны сваёй краіны. Яна мабільная і абсталяваная самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і вайсковай тэхнікі. Але галоўная каштоўнасць — гэта людзі. Тыя, хто сёння выконвае вучэбна-баявыя задачы, тыя, хто нясе баявое дзяжурства», — перакананы Віктар Хрэнін.

Nashaniva.com