Памятаеце амерыканца, які папрасіў прытулку пасля штурму Капітолія? Ён выкладае англійскую ў Брэсце

На сайце Федэральнага бюро расследаванняў Эван Ньюман знаходіцца ў спісе злачынцаў з пазнакай most wanted. Таксама адзначаецца, што яго «варта лічыць узброеным і небяспечным». Але гэта не перашкаджае Ньюману выкладаць дзецям англійскую мову ў брэсцкай прыватнай школе замежных моў, піша «Новы час».

19.05.2023 / 07:43

У студзені 2021 года грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі Эван Ньюман удзельнічаў у штурме Капітолія, падчас чаго ўдарыў паліцэйскага і выкарыстаў металічную барыкаду, каб збіваць іншых афіцэраў. Трапіўшы ў спіс самых небяспечных злачынцаў на радзіме, ён папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

Эван Ньюман падчас штурму Капітолія

Беларускія ўлады паспяшаліся адразу ж зрабіць цэлы спецыяльны рэпартаж у прапагандысцкай праграме «Галоўны эфір», дзе паспрабавалі падаць гэтую гісторыю як цудоўнае выратаванне пацярпелага амерыканца ў самай дэмакратычнай краіне свету — Беларусі. Рэпартаж выйшаў з гучнай назвай «Гудбай, Амерыка».

«Яны (супрацоўнікі ФБР) дадалі мой фотаздымак у спіс злачынцаў, якіх трэба знайсці як мага хутчэй, з просьбай аб дапамозе грамадства, каб ідэнтыфікаваць мяне. Я ведаў, што мяне адразу апазнаюць, таму адразу ж з’ехаў», — прызнаваўся Эван Ньюман у інтэрв’ю карэспандэнту «Галоўнага эфіру».

«Мяне абвінавачваюць паводле шасці спраў, і я думаю, што ўсе яны з’яўляюцца крымінальнымі злачынствамі. Крымінальныя злачынствы — гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачанне, яно азначае, што вы ўчынілі камусьці альбо чамусьці шкоду», — дадаваў Ньюман.

Эван Ньюман. Скрыншот інтэрв'ю

У сакавіку 2021 года Эван Ньюман паляцеў са Злучаных Штатаў у Італію — гэтую паездку ён аформіў як камандзіроўку, так параіў зрабіць адвакат. З падарожжа Ньюман не вярнуўся. 13 сакавіка ён дабраўся да ўкраінскага Жытоміра, дзе неўзабаве, як прызнаецца сам, аказаўся пад наглядам СБУ.

«Я не наважваўся папрасіць прытулку, пакуль СБУ не пачала пераследаваць мяне ва Украіне. Гэта жудасна, гэта палітычны пераслед!» — заявіў Ньюман у прапагандысцкім эфіры.

«У Амерыцы сёння няма вяршынства закона! Гэта шлях у мінулае, у нейкае сярэднявечча», — заявіў Эван Ньюман у Беларусі, дзе за кратамі знаходзіцца больш за паўтары тысячы палітычных зняволеных.

«Я ведаў, што Беларусь супраціўляецца Захаду, да таго ж ваша краіна была бліжэй, чым Расія. Для мяне гэта быў найлепшы шанц», — абгрунтаваў амерыканец свой прыезд у Беларусь.

Тое, што Эван Ньюман уладкоўвае жыццё ў Брэсце, — даўно не сакрэт. Нават інтэрв’ю для «Галоўнага эфіру» было знята на брэсцкіх вуліцах.

У Брэсце Ньюман шукаў працу і ў выніку ўладкаваўся ў прыватную школу замежных моў International Language House.

Па суботах чалавек са спіса злачынцаў ФБР збірае вакол сябе брэсцкіх дзяцей і чамусьці іх навучае.

International Language House пазіцыянуе Эвана Ньюмана як «носьбіта мовы» і шырока рэкламуе магчымасць заняткаў з ім на афіцыйных старонках у Instagram і Facebook. Праўда, імя «носьбіта мовы» ў такіх анонсах чамусьці не пазначаюць. Затое прадстаўнікі прыватнай школы публікуюць шмат ягоных фота, на якіх лёгка пазнаць знакамітага персанажа беларускай прапаганды.

Скрыншот афіцыйнай старонкі школы

Журналісты патэлефанавалі ў International Language House па нумары, пазначаным на сайце школы, каб спытаць, хто ж выкладае дзецям англійскую мову. Адміністратар назвала яго Стывенам і сказала, што прозвішча, на жаль, не ведае. Тым не менш удакладніла, што таямнічы Стывен раней жыў у Каліфорніі — як і Эван Ньюман. А зараз жыве ў Беларусі, «таму што яму тут падабаецца». Крыніца «Новага Часу» паведамляе, што ў Брэсце Эван Ньюман называе сябе новым знаёмым менавіта Стывенам.

Бацькі, што адпраўляюць сваіх дзяцей на заняткі з носьбітам мовы, магчыма, не глядзяць беларускае тэлебачанне, калі не пазналі ў «выкладчыку» чалавека, што абвінавачваецца паводле 14 эпізодаў, многія з якіх кваліфікаваныя як крымінальныя злачынствы, знаходзіцца ў вышуку FBI з пазнакай «можа быць узброеным і небяспечным» і жыве ў Беларусі толькі таму, што ў свеце надзвычай мала краін, якія б згадзіліся даць яму прытулак.

Эван Ньюман на занятках у International Language House

Школа замежных моў International Language House працуе ў Брэсце з 2002 года. На афіцыйным сайце пазначана, што ILH — адзіная школа ў Брэсцкім рэгіёне, якая атрымала акрэдытацыю Брытанскай Нацыянальнай Асацыяцыі English UK. 

English UK — гэта асацыяцыя акрэдытаваных цэнтраў англійскай мовы ў Вялікабрытаніі, што супрацоўнічае з British Council. Цікава, ці ведаюць замежныя партнёры брэсцкай школы, каго яна прыцягвае да супрацоўніцтва ў якасці «носьбіта мовы»?

Чытайце таксама:

Прыхільнікі Трампа ўварваліся ў Капітолій, дзе павінны былі абвясціць вынікі выбараў

БТ: Амерыканец, што штурмаваў Капітолій, папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі

Статус бежанца ў Беларусі атрымаў амерыканец Эван Ньюман. Ён удзельнічаў у штурме Капітолія

Nashaniva.com