«Раптам гэтыя людзі выйшлі на вуліцы пад сваімі сімваламі і папулярна ўсім патлумачылі». Марзалюк расказаў пра «амерыканізацыю» ябацек
Праўладны гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк у эфіры прапагандысцкай праграмы Марата Маркава на АНТ маляўніча расказаў, як у 2020 годзе прыхільнікі ўлады «пераадолелі паліткарэктнасць» і нібыта трыумфальна прайшліся з чырвона-зялёнымі сцягамі «ад Краснаполля і Касцюковічаў да Брэста».
18.05.2023 / 23:48
Фота: ont.by
Разважаючы пра дзяржаўную сімволіку, Марзалюк фактычна не адмаўляў таго, што асаблівай эмацыйнай прывязанасці да яе ў Беларусі не заўважалася, і выклаў сваю версію гэтага феномена:
«Нам перашкаджалі раней ілжыва зразуметая паліткарэктнасць, нежаданне часцяком рабіць акцэнты на тым, што рабілі ўсе, насамрэч. Неяк гэта сыходзіла за грані свядомасці. Лічылася, што само сабой, і так усё добра, і так зразумела. Усё гэта разам прыводзіла, у тым ліку, і да залішніх абмежаванняў у выкарыстанні той жа самай сімволікі».
Але цяпер усё, маўляў, па-іншаму, бо гэта «стала брэндам, гэта стала крута. У гэтым плане ёсць пазітыўная, калі так можна сказаць, своеасаблівая «амерыканізацыя», у добрым сэнсе».
Паводле сцвярджэння Марзалюка, цяпер у Беларусі на лукашэнкаўскую сімволіку ствараецца мода. Прычым, самае важнае, што гэты працэс пайшоў знізу ў 2020 годзе.
«Лічылі, што «піпл схавае», «маўклівая большасць» — раптам гэтыя людзі выйшлі на вуліцы пад сваімі сімваламі і папулярна ўсім патлумачылі на аўтапрабегах, на мітынгах, якія прайшлі ад Краснаполля і Касцюковічаў да Брэста і да самых да ўскраін, што яны сваю краіну, свае сімвалы нікому не аддадуць».
Выказванні Марзалюка разлічаныя хіба толькі на людзей з вельмі кароткай памяццю. Насамрэч, арганізаваныя ў падтрымку ўладаў у 2020 годзе «народныя» акцыі калі чым і ўражвалі, то толькі сваёй нешматлюднасцю і яўнай арганізаванасцю зверху. На іх часта засвечваліся адныя і тыя ж людзі, а на арганізацыю выдаткоўваліся немалыя бюджэтныя сродкі. Некаторыя ж запланаваныя і разрэкламаваныя ў адказ на пратэсныя акцыі мегамерапрыемствы даводзілася ў апошні момант ганебна адмяняць, паколькі ўзнікалі праблемы ў тым ліку і з энтузіязмам мас.
Сапраўднай прычынай таго, што пратэсты 2020 года не дасягнулі сваёй мэты, быў беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавых структур з фактычным вывадам іх з прававога поля, а зусім не перамогі на ідэалагічных пляцоўках.
Чытайце таксама:
Лукашысты распрацоўваюць адзіную метадычку па гістарычнай памяці