Музей Аўшвіца пачаў эмацыйную працу па захаванні 8 тысяч чаравікаў забітых дзяцей
У Музеі Аўшвіца распачалі двухгадовую праграму па захаванні дзіцячага абутку ў былым канцэнтрацыйным лагеры смерці, дзе нямецкія войскі забілі 1,1 мільёна чалавек падчас Другой сусветнай вайны, паведамляе AP. Кошт праекта ў памеры 450 тысяч еўра фінансуецца Фондам Аўшвіц-Біркенау, ключавым донарам якога з'яўляецца Германія, і міжнароднай праграмай «Марш жывых».
18.05.2023 / 19:49
Эльжбета Кайзер, загадчыца аддзела калекцый музея, паказвае калекцыю абутку, якая належала дзецям — ахвярам былога нацысцкага нямецкага лагера смерці Аўшвіц-Біркенау, у кансервацыйнай лабараторыі на тэрыторыі лагера ў Асвенціме, Польшча, 10 мая 2023 года. Фота: Міхал Дзюк / AP Photo
У кансервацыйнай лабараторыі на тэрыторыі былога лагера Аўшвіц мужчына ў сініх гумовых пальчатках скальпелем саскрабае іржу з люверсаў маленькіх карычневых чаравікаў, якія дзеці насілі перад тым, як іх забілі ў газавых камерах. Калегі на іншым канцы доўгага працоўнага стала асцярожнымі кругавымі рухамі сціраюць з чаравікаў пыл і бруд, выкарыстоўваючы мяккія анучы. Потым туфлі скануюць і фатаграфуюць у суседнім пакоі і ўносяць у каталог у базе даных.
Сёння Аўшвіц — гэта мемарыял і музей, кіраваны польскай дзяржавай, на якую легла ўрачыстая адказнасць за захаванне сведчанняў таго месца, дзе палякі таксама былі сярод ахвяр. Немцы знішчылі доказы сваіх злачынстваў у Траблінцы і іншых лагерах, але не змаглі зрабіць гэтага цалкам на велізарнай плошчы Аўшвіца.
Сведчанні злачынстваў знікаюць
Праз восем дзесяцігоддзяў пасля катастрафічных падзей некаторыя сведчанні знікаюць пад ціскам часу і масавага турызму.
Так, валасы, састрыжаныя з ахвяр для вырабу адзення, лічацца часткай чалавечых парэшткаў, таму іх нельга фатаграфаваць і падвяргаць намаганням па захаванні. Яны проста ператвараюцца ў пыл.
Але засталося больш за 100 тысяч чаравікаў ахвяр. Каля 80 тысяч з іх у велізарных кучах выстаўленыя ў зале, куды штодня прыходзяць наведвальнікі. Шмат абутку дэфармавана, яго першапачатковы колер выцвіў, а шнуркі рассыпаліся, але ён працягвае існаваць як сведчанне жорстка абарваных жыццяў. Рэдка калі абутак парны, у асноўным боты захаваліся па адным.
Бачыць малюсенькія туфлі і тапцікі — асабліва жахліва.
«Дзіцячы абутак — гэта самы кранальны аб'ект для мяне, таму што няма большай трагедыі, чым трагедыя дзяцей», — кажа Міраслаў Мацяшчык, спецыяліст па кансервацыі з лабараторыі музея.
«Абутак — гэта прадмет, цесна звязаны з чалавекам, з дзіцем. Гэта след, часам гэта адзіны след, які застаўся ад дзіцяці».
Людзі наведваюць адзін з баракаў, дзе выстаўлены абутак, сабраны ў вязняў былога нацысцкага нямецкага лагера смерці Аўшвіц-Біркенау, Польшча, 10 мая 2023 года. Вялізныя кучы ацалелага абутку даюць некаторае ўяўленне пра велізарны маштаб злачынстваў — хоць ад таго, што было, засталася толькі малая частка. Фота: Міхал Дзюк / AP Photo
Праца з чалавечай трагедыяй
Перш чым адправіць людзей у газавыя камеры, эсэсаўцы загадвалі ім распрануцца і казалі, што трэба пайсці ў душ для дэзынфекцыі. Можна ўявіць, колькі людзей думалі, што яны змогуць зноў надзець гэты абутак пасля душа. Але ён так і не вярнуўся да сваіх уладальнікаў.
Міраслаў Мацяшчык кажа, што ён і іншыя рэстаўратары ніколі не выпускаюць з-пад увагі чалавечую трагедыю, якая стаіць за чаравікамі, нават калі яны засяроджваюцца на тэхнічных аспектах сваёй кансервацыйнай працы. Часам іх адольваюць эмоцыі, і ім патрэбныя перапынкі.
Супрацоўніца аддзела кансервацыі сцірае пыл з абутку, які належаў дзіцяці, пацярпеламу ў былым нацысцкім нямецкім лагеры смерці Аўшвіц-Біркенау, Польшча, 10 мая 2023 года. Фота: Міхал Дзюк / AP Photo
Абутак распавядае гісторыі
Праца па кансервацыі заўсёды раскрывае некаторыя дэталі пра забітых у лагеры — валізкі, напрыклад, часта даюць звесткі, бо на іх захаваліся імёны і адрасы.
Летась супрацоўнікі, якія кансервуюць абутак для дарослых, знайшлі банкноту ў 100 італьянскіх лір у жаночай туфлі на высокім абцасе, на якой таксама было надрукавана імя Ranzini — вытворцы абутку ў Трыесце. Уладальніца, верагодна, была італьянкай, але больш пра яе нічога не вядома.
Яны таксама знайшлі імя Вера Вагрызкава на дзіцячым боціку. Так супала, што супрацоўнік музея заўважыў гэтае ж прозвішча на чамадане, і ў выніку музею ўдалося сабраць звесткі пра сям'ю дзяўчынкі, якая нарадзілася ў Чэхіі і была яўрэйкай.
Музей можа кансерваваць каля 100 чаравікаў на тыдзень, і з пачатку праекта ў мінулым месяцы ўжо апрацаваў 400. Мэта кансервацыі не ў тым, каб вярнуць абутак у зыходны стан, а ў тым, каб максімальна наблізіць яго да таго стану, у якім ён быў знойдзены ў канцы вайны.
Па словах супрацоўнікаў музея, сённяшняя кансервацыя запавольвае працэсы распаду, але як надоўга — сказаць цяжка.
Чытайце яшчэ:
«Выбар»: як гісторыя яўрэйкі, што перажыла Халакост, можа нам дапамагчы