Алейнік спадзяецца, што кітайцы пры арганізацыі перамоў паміж Украінай і Расіяй не забудуць і пра рэжым Лукашэнкі
Афіцыйны Мінск спадзяецца, што спецпрадстаўнік Кітая наведае Беларусь, а інтарэсы рэжыму Лукашэнкі будуць улічвацца на перамовах паміж Украінай і Расіяй. Такое пажаданне міністр замежных спраў Сяргей Алейнік выказаў па выніках перамоў са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым у Маскве.
17.05.2023 / 23:00
Сяргей Алейнік. Фота: МЗС Беларусі
«Таму мы, са свайго боку, натуральна, таксама будзем уважліва сачыць за гэтым працэсам, за прасоўваннем гэтай ініцыятывы, за перамовамі кітайскага спецпрадстаўніка ў Расіі, ва Украіне. Ну, ён, дарэчы, збіраецца і ў Францыю, і ў Германію, і ў Польшчу.
Спадзяёмся, што на нейкім этапе ён заедзе і ў Беларусь, таму што Беларусь заўсёды была і застаецца пляцоўкай для мірных перамоў», — заявіў Алейнік, адзначыўшы, што ў Мінску за гэтым працэсам будуць уважліва сачыць.
«І натуральна, будзем разлічваць, што
нашы інтарэсы ў гэтым перамоўным працэсе як сумежнай краіны, як краіны, якая на ўсіх этапах удзельнічала ў мірных перамовах, звязаных з урэгуляваннем канфлікту ва Украіне, будуць таксама ўлічаныя», — сказаў Алейнік.
Раней Кітай прызначыў былога свайго амбасадара ў Расіі Лі Хуэя спецпрадстаўніком ва Украіну. Дыпламат нібыта ўжо прыбыў ва Украіну і мае сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім.
Чытайце таксама:
Кіраўнік МЗС Беларусі пракаментаваў праверкі на беларуска-расійскай мяжы
Пасол Кітая паставіў пад сумнеў легітымнасць постсавецкіх дзяржаў