Зяленскі падтрымаў візіт лідараў афрыканскіх дзяржаў

Учора пра місію афрыканскіх краін заявіў кіраўнік ПАР Сірыл Рамафоса.

17.05.2023 / 14:16

Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса. Фота: AP

Прэс-сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў распавёў пра размову, якая адбылася паміж прэзідэнтам Украіны і прэзідэнтам ПАР Сірылам Рамафоса 13 мая, піша «Настоящее время».

«Прэзідэнт Украіны вітаў такую мірную ініцыятыву. Уладзімір Зяленскі гатовы прыняць высокіх гасцей ва Украіне, выслухаць іх прапановы, расказаць пра ўкраінскую формулу міру і запрасіць далучыцца да яе рэалізацыі», — сказаў Нікіфараў.

Учора Рамафоса абвясціў, што дамогся згоды на афрыканскую міратворчую місію як ва Украіны, так і ў Расіі.

«Мае размовы з двума лідарамі паказалі, што яны абодва гатовыя прыняць афрыканскіх лідараў і абмеркаваць, як можна пакласці канец гэтаму канфлікту», — сказаў ён на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Сінгапура.

Прэзідэнт ПАР падкрэсліў, што мірны план таксама падтрымалі лідары Сенегала, Уганды і Егіпта.

ПАР мацней за многія краіны аказалася ўцягнутая ў вайну Расіі з Украінай: пасля абвяшчэння Уладзіміра Пуціна ў міжнародны вышук па лініі Міжнароднага крымінальнага суда ўлады краіны запрасілі яго на саміт БРІКС, пасля чаго паведамілі аб дэнансацыі Рымскага статута; пазней гэта рашэнне было адменена.

Таксама пасол ЗША ў ПАР абвінаваціў улады краіны ў экспарце зброі ў Расію. На наступны дзень МЗС рэспублікі паведаміла, што пасол выбачыўся за свае словы.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт ПАР заявіў, што Зяленскі і Пуцін пагадзіліся на мірную місію з Афрыкі

Nashaniva.com