Адгарадзіцца ад РФ 100-кіламетровай зонай бяспекі: галоўны разведчык Украіны назваў адну з мэт вайны
Кіраўнік вайсковай разведкі (ГУР) Украіны Кірыл Буданаў заявіў што адна з галоўных умоў заканчэння вайны — стварэнне дэмілітарызаванай зоны паміж Расіяй і Украінай шырынёй не менш за 100 кіламетраў. «Гэта наша мэта», — сказаў Буданаў у інтэрв'ю ўкраінскаму каналу «Ісландыя».
17.05.2023 / 12:41
Кірыл Буданаў. Скрыншот відэа канала «Ісландыя»
Ён патлумачыў, што лічыць такую дыстанцыю аптымальнай, бо з яе будзе немагчыма наносіць эфектыўныя ўдары па Украіне звычайнымі сродкамі.
Стварэнне такой зоны Буданаў лічыць неабходнай мерай абароны, бо палітычная мадэль у Расіі, на яго думку, наўрад ці зменіцца нават пасля Пуціна: прыйдзе новы тыран з новымі амбіцыямі.
У тым жа інтэрв'ю кіраўнік ГУР сказаў, што на гэтым этапе вайны можна з упэўненасцю казаць, што расійская армія выдыхнулася.
Паводле яго слоў, колькасць яе асабовага складу ўсё яшчэ вялікая і чалавечых рэсурсаў у Расіі хопіць яшчэ на нявызначаны час, але якасць расійскай арміі вычарпана — як з пункту гледжання ваеннай падрыхтоўкі, так і ў плане тэхнікі і ўзбраенняў.