Прэзідэнт ПАР заявіў, што Зяленскі і Пуцін пагадзіліся на мірную місію з Афрыкі

Кіеў і Масква гэтую заяву пакуль не каментавалі.

16.05.2023 / 15:09

Сірыл Рамафоса. Фота: AP

Улады Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, вакол якіх на мінулым тыдні разгарэўся скандал з абвінавачваннямі ў пастаўках боепрыпасаў Расіі, заявілі, што прэзідэнты Расіі і Украіны Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі пагадзіліся прыняць місію з афрыканскіх лідараў для абмеркавання патэнцыйнага мірнага плана, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на Reuters.

Як сцвярджае прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса, пра ініцыятыву праінфармаваны генеральны сакратар ААН, ЗША і Вялікабрытанія. Вашынгтон і Лондан выказалі асцярожную падтрымку плана.

Ніводная са згаданых Рамафосай краін гэтыя заявы пакуль не каментавала.

Паводле слоў прэзідэнта ПАР, у місію афрыканскіх лідараў увойдуць кіраўнікі Егіпта, Сенегала і Уганды.

Перамовы паміж Расіяй і Украінай апошні раз ішлі ў сакавіку 2022 года.

Nashaniva.com