Пасля рэканструкцыі часткова адкрыўся палацава-паркавы комплекс у Свяцку пад Гроднам
У панядзелак адбылася цырымонія частковага адкрыцця палацава-паркавага комплексу «Свяцк», паведаміў тэлеграм-канал Гродзенскага аблвыканкама «Пул 4 рэгіён».
15.05.2023 / 22:54
У рамках першай чаргі рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу «Свяцк», як паведамляецца, завяршылі добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, абнавілі фасад палаца, уладкавалі гатэльныя нумары, стварылі SPA-цэнтр, пральні.
У старадаўняй частцы корпуса, дзе калісьці быў свіран, размясцілі піўны рэстаран і бровар. На тэрыторыі комплексу таксама з'явіўся гасцявы домік з басейнам, саунай, більярдным сталом.
У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і кіраўнік праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр.
Палацава-паркавы ансамбль у Свяцку — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў 1779 годзе па замове гродзенскага маршалка Юзафа Валовіча італьянскім архітэктарам Джузэпе Сака.
У канцы XIX стагоддзя адзін з нашчадкаў Валовіча прайграў радавы маёнтак у більярд. Пасля таго палац быў закінуты і моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, а пасля ад марадзёраў. Пачынаючы з 1930-х гадоў пры розных уладах тут месціліся медыцынскія ўстановы.
У 2005 годзе палац апусцеў, а цяпер тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы.
Чытайце таксама:
Экскаватарная археалогія ў Магілёве. Прычым тут Марзалюк і палітычныя чысткі?
У Беларусі адкрылі палац Булгакаў пасля рэстаўрацыі, якая доўжылася 14 гадоў