Віктара Бабарыку маглі перавесці ў бальніцу мінскага СІЗА — што гэта кажа пра яго здароўе?
Віктара Бабарыку, па інфармацыі «Рабочага руху», перавялі ў турэмны шпіталь на Валадарцы. Што гэта можа сведчыць пра здароўе палітыка? Тлумачыць былы турэмны лекар, праваабаронца Васіль Завадскі.
13.05.2023 / 15:17
Чаму Бабарыку маглі перавесці ў турэмны шпіталь пры СІЗА?
Віктара Бабарыку з ПК-1 даставілі ў наваполацкую гарадскую бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка. Па неафіцыйнай інфармацыі, вязня даставілі з пнеўматораксам.
«Паводле наяўных звестак, Віктар Бабарыка каля тыдня знаходзіўся ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, пасля чаго, прыкладна 3 мая, яго забралі ў наваполацкую ПК-1, а на наступны дзень павезлі ў кірунку Мінска (паводле непацверджаных звестак, на Валадарскага) у турэмную бальніцу», — паведаміў учора тэлеграм-канал «Рабочага руху».
Васіль Завадскі кажа, што перавод зняволенага з грамадзянскай бальніцы ў Рэспубліканскі шпіталь для асуджаных — звычайная практыка:
«Калі чалавек патрабуе больш-менш працяглага лячэння, а ў калоніі няма такіх умоў (зразумела, што ў калоніі няма ні хірурга, ні неабходных умоў для лячэння такіх хворых), то яго пераводзяць у Рэспубліканскі шпіталь.
Бо лячэнне ў грамадзянскай бальніцы патрабуе адцягнення дадатковых сіл і чалавечых рэсурсаў (неабходна забяспечыць кругласутачную ахову). Таксама ў бальніцы немагчыма забяспечыць інфармацыйную ізаляцыю зняволенага, у якой цяпер трымаюцца ўсе палітвязні».
Былы турэмны лекар кажа, што няма аб’ектыўных звестак, якія дазволілі б зрабіць высновы пра стан здароўя палітыка.
«Калі казаць пра пнеўматоракс, з якім Віктара Бабарыку меркавана дастаўлялі ў наваполацкую бальніцу, то лячэнне такой паталогіі займае 2-3 тыдні. Такі тэрмін патрабуецца для лячэння пры нармальным цячэнні хваробы, без ускладненняў, пры належным медычным даглядзе.
Пасля 2-3 тыдняў хворага могуць выпісваць, але гэта не значыць, што ён адразу кінецца ў скокі: хворы павінен знаходзіцца пэўны час пад наглядам лекараў», — кажа спецыяліст.
Рэспубліканскі шпіталь для асуджаных: што сабой уяўляе
Рэспубліканскі шпіталь знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА-1 на Валадарскага.
«Раней ён уваходзіў у склад калоніі №1, якая знаходзілася на вуліцы Кальварыйскай. Хоць шпіталь меў сваё кіраўніцтва, уласны штат, але ён не з’яўляўся самастойнай юрасобай, — распавядае Васіль Завадскі. — Пазней шпіталь перадалі ў склад СІЗА-1 на Валадарскага. Гэта разглядалася як часовая мера, бо там вельмі мала памяшканняў. Некаторыя падраздзяленні знаходзяцца ў Жодзіне (інфекцыйнае аддзяленне) і ў Віцьбе (псіхіятрычнае аддзяленне). Прынамсі, так было, калі я працаваў у пенітэнцыярнай сістэме».
Што сабой уяўляе шпіталь?
«Камеры Пішчалаўскага замка назвалі палатамі, дзе размясцілі хворых і кабінеты для персаналу. Безумоўна, умовы не могуць быць добрымі з пункту гледжання хворых: лепш чым у звычайных камерах, горш чым у любой грамадзянскай бальніцы.
Новы рэспубліканскі шпіталь мусілі здаць у эксплуатацыю яшчэ ў першай палове 2011 года, а цяпер на дварэ ўжо 2023-ці…»
Прычыны, па якіх Бабарыку маглі выпісаць з атрада
Учора канал MAYDAY (які вядуць праваабаронцы з Магілёва) паведаміў, што Віктар Бабарыка, па неправеранай інфармацыі, больш не лічыцца ў сваім атрадзе. Васіль Завадскі называе чатыры прычыны, па якіх палітвязняў могуць выпісаць з атрада.
Вязня маглі перавесці ў іншы атрад наваполацкай папраўчай калоніі.
Віктара Бабарыку з-за стану здароўя маглі перавесці ў Рэспубліканскі шпіталь для асуджаных: у выпадку, калі пашкоджанні ў палітвязня былі сур’ёзныя і патрабавалі працяглага часу для лячэння.
Выпіска з атрада можа азначаць, што Віктара Бабарыку перавялі ў іншую калонію на пастаяннай аснове. Ці палітвязня вызвалілі, аднак гэтая прычына бачыцца найменш верагоднай.
Яшчэ адной прычынай выпіскі з атрада бывае смерць палітвязня, але тут гэта таксама вельмі малаімаверна. Існуе фармальная працэдура, прапісаная на заканадаўчым узроўні, паводле якой пра смерць зняволенага абавязкова паведамляецца сям’і.
«Калі зняволенага пераводзяць у іншую калонію, то пра гэта таксама абавязаныя паведамляць родным. А вось пра перавод у іншы атрад, пра шпіталізацыю не абавязаныя паведамляць: гэта часовая мера, пасля выпіскі зняволены звычайна вяртаецца ў свой атрад», — патлумачыў Васіль Завадскі.
Чытайце таксама:
Еўрапарламент заклікаў вызваліць Віктара Бабарыку
Былы палітвязень з наваполацкай калоніі расказаў, якога кампрамісу патрабавалі ад Бабарыкі
Сваякам Бабарыкі адмовілі ў прыёме да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС