Беларусаў, якія адкрылі бізнэс за мяжой, падтрымалі грашыма

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) вызначыла пераможцаў прэміі «Бізнэс вольнай Беларусі». Пяць кампаній з беларускімі каранямі атрымала па пяць тысяч еўра. Спонсарам узнагароды стаў Еўрасаюз, яшчэ адну намінацыю грашыма падтрымаў сустваральнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, паведамляе «Белсат».

12.05.2023 / 15:24

Прэзідэнт ABBA Яўген Буры віншуе Настассю Валасевіч, сузаснавальніцу познанскай кавярні «My» («Мы») падчас узнагароджання пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 мая 2023 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

За ўзнагароды першай прэміі, абвешчанай ABBA дзеля падтрымання беларускіх бізнесоўцаў, якія пасля 2020-га апынуліся за мяжой, выказаліся жаданне пазмагацца 70 кампаніяў з розных сфераў — ад будаўнічых прадпрыемстваў да бухгалтарскіх кабінетаў і дызайнерскіх бюро.

Пасля просьбы запоўніць анкету засталося чатыры дзясяткі, з якіх міжнароднае журы абрала фіналістаў. Дзеля бесстароннасці арганізатары паклікалі ў камісію толькі адну беларуску — Паліну Прысмакова з Флорыдскага атлантычнага ўніверсітэта.

«Гэта не быў конкурс стартапаў, — распавяла Прысмакова падчас цырымоніі. — У адказах анкеты мы шукалі, па-першае, наколькі бізнес — беларускі, а ягоныя каштоўнасці супадаюць з каштоўнасцямі ABBA як асацыяцыі. Па-другое, наколькі бізнес этычны».

Да фіналу дабраліся 12 кампаніяў, сярод якіх былі лагістычная, праектант адзення і распрацоўнік мабільнага прыкладання пра аюрведу. Пераможцамі, між іншага, сталі анімацыйная міністудыя з Вільні, кветкавая інтэрнэт крама з Эстоніі, кавярня з польскай Познані і клінінгавая кампанія Cleanwhale. Апошняя, адкрытая братамі Іванам і Іллём Шыламі яшчэ ў Беларусі, пасля 2020-га пачала працаваць у Еўропе, і, мяркуючы па шматлікіх інтэрв’ю яе заснавальнікаў, вельмі паспяхова.

Узнагароду Cleanwhale ўручаў беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які патлумачыў, што для беларускіх фірмаў цяпер надзвычай важныя дзве рэчы: выйсці на міжнародныя рынкі і застацца беларусамі ды захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, каб падтрымаць беларускую справу.

Неўзабаве літара «A» у назве Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой не будзе патрэбная, а беларусы вернуцца на Радзіму і працягнуць сваю справу там, дадаў Самсонаў.

У сваёй асабістай партнёрскай намінацыі Павел Лібер абраў медыка-касметалагічны кабінет, адкрыты беларусамі ў Польшчы.

Паводле словаў віцэ-прэзідэнткі ABBA Марыны Гірын, заявак з Польшчы журы атрымала найбольш.

Чалец журы Якуб Дрождж з Інстытута эканамічнай дыпламатыі прызнаўся «Белсату», што такі сталы прырост фірмаў з беларускім капіталам — як грашовым, гэтак і людскім — стаў асабліва назірацца пасля запуску Польшчай праграмы Poland Business Harbour, спачатку прысвечанай Беларусі, а пазней і іншым краінам за ўсходняй мяжой.

«Беларусы хутка інтэгруюцца з польскім грамадствам. Яны вывучаюць правілы вядзення бізнесу, вельмі хочуць тут працаваць і сустракаюць прыязных палякаў, якія ім дапамагаюць. Што патрэбна беларусам? Напэўна, спецыяльныя праграмы, якія будуць дапамагаць пазнаваць польскае права, сістэму падаткаў і тое, як можна хутка перанесці бізнес у Польшчу, — кажа ён.

Nashaniva.com