Што за «акцёры» здымаліся ў фільме АНТ пра «тэракт» на 9 Мая? Расказваем 

У сюжэце АНТ, апроч кадраў з затрыманымі маладымі людзьмі, былі дзіўныя «мастацкія» сцэнкі. Разыгралі іх студэнты і выкладчыкі журфака БДУ.

10.05.2023 / 23:40

Скрын відэа АНТ

Напярэдадні КДБ заявіў, што на 9 Мая ў Мінску рыхтаваліся тэракты. Сёння АНТ паказала, каго затрымалі па гэтым абвінавачанні. Адметна, што ў фільме былі не толькі кадры з допыту моладзі, але і «мастацка-агітацыйны прадакшн» ад журфака.

Сцэнкі, у якіх граюць журфакаўцы, такія: нейкі прыяцель у перапісцы просіць студэнта забраць пасылку, той пагаджаецца; пасля маладых людзей збіраюць у зале журфака на прагляд прапагандысцкага фільма АНТ пра тое, як гэта можа быць небяспечна забіраць невядомыя пасылкі ад знаёмых з-за мяжы, і ён перадумвае.

Галоўную ролю выканаў 18-гадовы Ілья Міронаў. Хлопец з Мінска, вучыцца на 1 курсе, спецыяльнасць «журналістыка (па напрамках)». Ён выпускнік Ліцэя БДУ. 

Ілья Міронаў. Скрын відэа АНТ

Нядаўна Міронаў удзельнічаў у конкурсе «Містар журфак». Відаць, з гэтым звязана яго апісанне на старонцы ў інстаграме — «містар закуліссе».

«Год таму мне здавалася, што я нікому не патрэбны. Многае з таго, пра што я марыў, не спраўдзілася, і з актыўнага і вясёлага забаўніка я ператварыўся ў шэрага і тужлівага абывацеля. Адсюль пайшла мая няўсмешлівасць, з-за якой я ўвесь час выглядаю сумным», — пісаў у інстаграме Міронаў і пасля расказваў, як здорава, што яго прапусцілі на конкурс, бо гэта змяніла яго свет.

Ілья Міронаў. Фота: сацсеткі

Другі студэнт, які браў удзел у здымках, — Уладзіслаў Пералыгін. Яму таксама 18 гадоў, хлопец родам з Веткі. Вучыцца па спецыяльнасці «журналістыка (па напрамках)». «Музыкант», — піша пра сябе.

Уладзіслаў Пералыгін. Скрын відэа АНТ

«Планы на будучыню грандыёзныя. Я хачу паступіць на факультэт журналістыкі БДУ. І спадзяюся, што ў будучыні стану вядучым інфармацыйна-аналітычнай перадачы аднаго з вядучых тэлеканалаў краіны», — расказваў ён у эфіры «Беларусь 4» да паступлення. 

Уладзіслаў Пералыгін. Фота: сацсеткі

У сацсетках хлопец днямі дзяліўся, што быў на афіцыйных святочных мерапрыемствах да 9 Мая.

«Упершыню пабачыў прэзідэнта ўжывую», — падпісаў ён фота ў сторыз.

Сторыз з інстаграма Уладзіслава

Таксама ў здымках узялі ўдзел дзве выкладчыцы факультэта журналістыкі БДУ. 

Гэта загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Алеся Кузьмінава і дацэнтка кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Аліцыя Пінюта (былая рэдактарка заводскай газеты МТЗ).

Алеся Кузьмінава. Скрын відэа АНТ

Раней Алеся Кузьмінава апраўдвалася за адпачынак у Еўропе і расказвала пра «непрыгожых амерыканцаў».

Калі студэнт па сюжэце спрабуе адпрасіцца, каб не ісці на прагляд фільма «пра тэрарыстаў», Пінюта настаўляе яго:

«Вы, канечне, можаце ставіць асабістыя планы вышэй за грамадскія, але не ў гэтым выпадку. Схадзіце на інфагадзіну, каб пасля ўсё жыццё не бегаць з аўтаматам».

Аліцыя Пінюта. Скрын відэа АНТ

Чытайце таксама: 

Новы фільм АНТ пра «тэрарыстаў» аказаўся журфак-сінэма-прадакшн. Але за краты кінулі чацвярых

«Гэта не значыць, што я не патрыёт». Загадчыца кафедры журфака БДУ апраўдваецца за адпачынак у Еўропе

Памятаеце выкладчыцу БДУ, якая апраўдвалася за адпачынак у Еўропе? Яна падзялілася ўражаннямі: Там стаміліся ад непрыгожых амерыканцаў

Nashaniva.com