ЗША не маюць намеру адпраўляць дальнабойныя ракеты ва Украіну — СМІ
Белы дом не плануе прытрымлівацца прыкладу Вялікабрытаніі і адпраўляць ракеты далёкага радыуса дзеяння ва Украіну, піша Politico. Раней паведамлялася, што Лондан разглядае магчымасць адпраўкі Кіеву ракет далёкасцю да 300 км, аднак канчатковае рашэнне з гэтай нагоды яшчэ не прынята, паведамляе Бі-бі-сі.
10.05.2023 / 07:36
Сістэма ATACMS. Фота: mil.in.ua
Міністр замежных спраў Брытаніі Джэймс Клеверлі адмовіўся каментаваць гэтыя паведамленні падчас супольнай прэс-канферэнцыі з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам у аўторак.
Падобнымі характарыстыкамі валодаюць амерыканскія ракетныя сістэмы ATACMS, якія Вашынгтон адмаўляецца перадаваць Украіне.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў сказаў журналістам, што «палітыка ў дачыненні да ATACMS не змянілася».
Паводле яго слоў, ЗША будуць працягваць пастаўляць ва Украіну сродкі супрацьпаветранай абароны, боепрыпасы і бранятэхніку.
Як піша Politico, існуе таксама заклапочанасць з нагоды таго, што ў арсенале ЗША няма дастатковай колькасці сістэм ATACMS.
«З ваеннага пункту гледжання, у нас адносна мала ATACMS, і мы павінны быць упэўнены, што падтрымліваем свае ўласныя запасы боепрыпасаў», — сказаў у сакавіку ў інтэрв'ю Defense One старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Марк Мілі.
Таксама стала вядома, што нямецкі канцэрн Rheinmetall хоча вырабляць зброю і боепрыпасы ва Украіне.
Найбуйнейшы нямецкі зброевы канцэрн Rheinmetall мае намер у будучыні вырабляць боепрыпасы, сродкі супрацьпаветранай абароны і танкі на тэрыторыі Украіны.
Генеральны дырэктар кампаніі, што базуецца ў Дзюсельдорфе, Армін Папергер заявіў, што Rheinmetall у найбліжэйшыя некалькі тыдняў мае намер заключыць шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве і сумесных прадпрыемствах з украінскімі кампаніямі.
«Такім чынам мы даём магчымасць Украіне ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве мець магчымасць абараніць сябе», — сказаў Папергер.
Інвестыцыі ў новыя заводы будуць зыходзіць ад украінскай дзяржавы, сказаў ён.
У якасці прыкладу ён прывёў ужо існуючы план па будаўніцтве ва Украіне баявых танкаў Panther. Rheinmetall разлічвае, што ў год можа быць выраблена да 400 машын.
Папергер сказаў, што перамовы з Кіевам па гэтым праекце «носяць шматабяцальны характар».
Чытайце таксама:
Украіна мае ўсё неабходнае, каб вызваліць землі, захопленыя за апошнія 14 месяцаў — Блінкен
Данілаў: Канчатковы план контрнаступлення Зяленскі яшчэ не зацвердзіў