Польскія дальнабойнікі пачалі акцыю пратэсту на мяжы з Беларуссю

Польскія транспартныя кампаніі пратэстуюць супраць захопу беларускімі і расійскімі кампаніямі транспартнага рынку на ўсход. Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу фур з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, прыпыніць працу беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў пад польскім прыкрыццём і аднавіць дазволы для транспартных кампаній з Украіны.

09.05.2023 / 15:49

У 12 гадзін па мясцовым часе ўдзельнікі пачалі блакаваць рух каля мытнага тэрмінала «Карошчын», размешчанага побач з пераходам «Кукурыкі-Казловічы». Гэта адзіны грузавы пераход, які працягвае працу на беларуска-польскай мяжы.

На здымках, якія публікуе reform.by, бачна, што грузавікі знаходзяцца на дарозе каля населенага пункта Дабрынь Дужы. У ім размешчаны паркінг для вялікагрузаў.

Арганізатары пратэсту атрымалі дазвол на правядзенне акцыі ў перыяд з 9 траўня да 9 чэрвеня. Адначасова пратэстоўцы працягваюць раней распачатую блакаду аднаго з пераходаў на мяжы з Украінай.

Пункт пропуску «Карошчын-Казловічы» — адзіны пункт пропуску для грузавога транспарту на беларуска-польскай мяжы. Пасля таго, як Польшча прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі-Бераставіца», беларускія ўлады ўвялі патрабаванне таго, каб польскія фуры маглі перасякаць мяжу толькі на беларуска-польскім участку. Раней яны маглі ўязджаць і выязджаць у Беларусь таксама з боку Літвы і Латвіі.

Nashaniva.com