Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў

Некаторыя гены, адказныя за даўжыню носа ў сучасных Homo sapiens, прысутнічалі і ў неандэртальцаў. Ім вялікі нос быў патрэбны для атрымання большага аб'ёму паветра і яго награвання ва ўмовах вялікай затраты энергіі ў неспрыяльных кліматычных умовах.

11.05.2023 / 19:58

Вышыня носа сучаснага чалавека і неандэртальца. Аўтар: Каўстубха Адхікары (Kaustubh Adhikari), UCL. Крыніца: матэрыялы артыкула на https://www.nature.com/

Пра гэта гавораць вынікі новага даследавання навукоўцаў Даследчага аддзела генетыкі, эвалюцыі і навакольнага асяроддзя UCL (Універсітэцкага каледжа Лондана), апублікаваныя ў часопісе Communication Biology.

Па словах аднаго з аўтараў, доктара Каўстубха Адхікары (Kaustubh Adhikari),

«За апошнія 15 гадоў, пасля секвенавання генома неандэртальца, мы змаглі даведацца, што нашы ўласныя продкі, відаць, скрыжоўваліся з неандэртальцамі, пакінуўшы нам невялікія кавалачкі іх ДНК».

У даследаванні былі выкарыстаныя даныя больш чым 6000 добраахвотнікаў з Бразіліі, Калумбіі, Чылі, Мексікі і Перу змяшанага еўрапейскага, індзейскага і афрыканскага паходжання. Даследчыкі параўноўвалі генетычную інфармацыю ўдзельнікаў з фатаграфіямі іх твараў.

У прыватнасці, яны аналізавалі адлегласці паміж пэўнымі пунктамі на твары, такімі як кончык носа або край вуснаў, каб высветліць, якія фенатыпічныя рысы твару звязаныя з наяўнасцю пэўных генетычных маркераў.

У выніку даследавання навукоўцы выявілі 33 вобласці геному, звязаныя з формай твару, 26 з якіх яны змаглі паўтарыць, правёўшы параўнанне з генетычнымі данымі ўдзельнікаў даследавання.

У адным канкрэтным участку геному, які мае назву ATF3, даследчыкі выявілі, што ў многіх людзей з індзейскімі каранямі ў іх даследаванні (а таксама ў тых, хто мае ўсходнеазіяцкія карані з іншай групы), ёсць генетычны матэрыял, атрыманы ў спадчыну ад неандэртальцаў, які спрыяў павелічэнню вышыні носа.

Яны таксама выявілі, што гэты генетычны ўчастак мае прыкметы натуральнага адбору. Гэта значыць, што ў выніку барацьбы за выжыванне ён спрыяў выжыванню, таму прырода яго адабрала для таго, каб перадаваць у спадчыну.

У беларускай гісторыі зайздросным памерам носа вылучаўся епіскап Георгій Каніскі. Выява Wikimedia Commons

Як тлумачыць іншы аўтар даследавання, доктар Цын Лі (Qing Li):

«Даўно выказваліся здагадкі, што форма нашых насоў вызначаецца натуральным адборам. Паколькі нашы насы могуць дапамагчы нам рэгуляваць тэмпературу і вільготнасць паветра, якім мы дыхаем, насы рознай формы могуць лепш адпавядаць розным кліматам, у якіх жылі нашы продкі. Ген, які мы ідэнтыфікавалі, магчыма, быў атрыманы ў спадчыну ад неандэртальцаў, каб дапамагчы людзям адаптавацца да больш халоднага клімату, калі нашы продкі перасяліліся з Афрыкі»

Гэтае даследаванне стала другім па ліку, у якім даказана, што на форму нашага твару ўплываюць не толькі гены сучаснага Homo sapiens, але і архаічных людзей. Вучоныя згадваюць, што ў 2021 годзе было даказана, што сучасныя людзі атрымалі генетычны матэрыял ад дзянісаўцаў. Ён уплывае на форму нашых вуснаў.

Чытайце яшчэ:

«Мая еўрапейская сям'я». Захапляльная кніга пра гісторыю з’яўлення і развіцця чалавечай папуляцыі ў Еўропе

Археолагі знайшлі сведчанне кантактаў Homo sapiens з неандэртальцамі

Антось Жупран