Санкцыі ЕС могуць пашырыцца на кітайскія кампаніі за пастаўкі ў Расію. Кітай папярэджвае пра наступствы
Еўрапейскі саюз можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да некалькіх кітайскіх кампаній за пастаўкі электронікі ў Расію. У Бруселі лічаць, што прадукцыя гэтых фірмаў можа выкарыстоўвацца ў вытворчасці зброі. Пра гэта паведамляе Financial Times.
08.05.2023 / 16:44
Фота: АР / Кін Чэнг
У 11-ы пакет санкцый супраць Расіі могуць быць дададзеныя сем кампаній з Кітая. 3HC Semiconductors і King-Pai Technology з мацерыковай часткі краіны, а таксама пяць з Ганконга: Alpha Trading Investments, Sinno Electronics, Sigma Technology, Asia Pacific Links і Tordan Industry.
Кампаніі займаюцца вытворчасцю мікрачыпаў, паўправаднікоў і іншай электронікі. Таксама пад санкцыі могуць трапіць два вытворцы з ААЭ і адзін з Арменіі. Адзначаецца, што пад абмежаванні могуць патрапіць і іранскія кампаніі.
Некаторыя з пералічаных кітайскіх кампаній ужо знаходзяцца пад санкцыямі з боку ЗША.
Калі новыя абмежаванні будуць прынятыя, то гэта стане першым выпадкам іх прымянення з боку Еўрасаюза ў дачыненні да кампаній з Кітая ў рамках санкцыйнай палітыкі супраць Расіі.
У адказ на пашырэнне інфармацыі пра магчымыя санкцыі Кітай заклікаў Еўрасаюз «не рабіць памылку».
«Калі паведамленні СМІ акажуцца праўдай, падобныя дзеянні еўрапейскага боку сур'ёзна падарвуць узаемны давер і супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Кітаем. Еўрапейскаму боку не варта рабіць памылку, у адваротным выпадку Пекін будзе вымушаны рашуча абараніць свае рацыянальна абгрунтаваныя законныя правы», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь.
Чытайце таксама:
Еўрасаюз прыдумляе, як уздзейнічаць на краіны, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі
Контрнаступленне Кіева можа адкрыць шлях да перамоў з Расіяй пры ўдзеле Кітая — WSJ
Кітай упершыню прагаласаваў за рэзалюцыю, дзе Расія названая агрэсарам