Прыднястроўе просіць Расію павялічыць колькасць «міратворцаў»

Ціраспаль папрасіў Расію павялічыць колькасць міратворцаў «з-за пагаршэння рызык бяспекі» ў рэгіёне. Пра гэта ў інтэрв'ю «РІА Навіны» паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Прыднястроўя ў Расіі Леанід Манакоў, адзначыўшы, што колькасць міратворцаў можна павялічыць таксама за кошт расіян, якія пражываюць у прыднястроўскім рэгіёне, паведамляе Newsmaker.md.

08.05.2023 / 10:59

Фота: vestipmr.info

Як адзначыў Манакоў, цяпер у зоне бяспекі знаходзяцца не больш за 450 чалавек. «Пры гэтым іх штатная колькасць, устаноўленая дакументамі камісіі, роўная 3100 чалавек. Такая опцыя ёсць [павелічэння колькасці міратворцаў], і яна апраўданая з пункту гледжання пагаршэння рызык бяспекі, у тым ліку тэрарыстычнай пагрозы, і пры гэтым юрыдычна абгрунтаваная дакументамі, прынятымі ў рамках дзейнасці Аб'яднанай кантрольнай камісіі (АКК)», — сказаў прадстаўнік Ціраспаля.

Раней у расійскіх СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што ўкраінскія войскі «плануюць правакацыі ў Прыднястроўі для адцягнення расійскіх войскаў».

Сустаршыня АКК ад Прыднястроўя Алег Белякоў, каментуючы чуткі аб правакацыях, заявіў, што «пакуль такіх звестак у рамках сумесных міратворчых сіл у іх няма». Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Ціраспаля Віталь Ігнацьеў сказаў у эфіры расійскага тэлебачання, што пакуль сітуацыя ў зоне бяспекі «адносна стабільная».

У сваю чаргу, міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба даў зразумець, што Украіна не збіраецца рабіць якія-небудзь дзеянні супраць Прыднястроўя, хоць рэгіён і ўяўляе рызыку для краіны. Як сказаў украінскі міністр, Прыднястроўе ўяўляе пагрозу для Украіны, і «гэта змушае нас трымаць сілы на гэтым участку мяжы для патэнцыйнага стрымлівання і кантролю за сітуацыяй». Аднак Кіеў паважае суверэнітэт Малдовы і пастановы аб рэінтэграцыі Прыднястроўя, падкрэсліў Кулеба.

Чытайце таксама:

Прэзідэнтка Малдовы: Калі Расія нападзе, я застануся ў краіне

Мая Санду: Расія хоча выкарыстоўваць Малдову гэтак жа, як і Беларусь

Мінабароны Расіі заявіла пра «інсцэніроўку наступу расійскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя»

Nashaniva.com