Заблакавалі папулярны гродзенскі сайт Newgrodno.by
Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да гродзенскага інфармацыйнага партала Newgrodno.by. Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, доступ да сайта абмежаваны на тэрыторыі Беларусі з раніцы 6 мая.
06.05.2023 / 23:05
Пры спробе ўваходу на сайт з'яўляецца акно з адпаведным рашэннем Мінінфарма. Праз VPN сайт адкрываецца.
Newgrodno.by спецыялізуецца на навінах Гродна і вобласці. Інтэрнэт-выданне і яго сацсеткі не былі прызнаныя экстрэмісцкімі, але галоўнага рэдактара Ігара Рэмзіка ў 2021 годзе штрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».