«З дыскрымінацыяй сутыкнулася толькі ў прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў, а так ад гендарнай неадпаведнасці толькі плюсы». Як працуецца ў Беларусі жанчыне-кавалю

«Паглядзі на сябе! Які з цябе каваль?» — так ёй заявілі ў прыёмнай камісіі падчас паступлення на факультэт мастацкай апрацоўкі металу. З тых часоў прайшло 28 гадоў. Сёння Марыя — мастак-скульптар, каваль з багатым досведам працы на аб'ектах у Беларусі і за мяжой. Чаму Марыя выбрала такую прафесію і ці выгадна сёння займацца мастацкім каваннем? Карэспандэнт выдання Myfin.by пагутарыў з беларускай жанчынай-кавалём.

06.05.2023 / 17:00

Фота: асабісты архіў гераіні

Гэта яе каваныя вырабы ўпрыгожваюць станцыю метро «Кавальская Слабада», пасольства Ватыкана ў Мінску, храм-помнік у гонар Усіх Святых, мікрараён Новая Баравая. Каваныя вырабы беларускай жанчыны-каваля знаходзяцца ў калекцыях айчынных і замежных музеяў у Літве, Расіі, Украіне, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, ЗША.

«Разумела, што іду не туды і не з тымі»

Пасля школы Марыя паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «настаўнік чарчэння і малявання». Але не скончыла ВНУ.

«Трапіла зусім не ў сваё асяроддзе. У асяроддзі дзяўчат-мастачак, будучых настаўнікаў я востра разумела, што іду не туды і не з тымі. Хутчэй за ўсё, адбіваліся дзіцячыя гады ў мужчынскім калектыве, бо я расла ў сям'і з двума братамі, бацькам і дзядулем. З дзяцінства стваральная ручная праца была заўсёды побач.

На кантрасце, у жаночым калектыве, я дакладна вызначылася, чым хачу займацца. Таму развярнулася на 180 градусаў — вырашыла паступаць у Акадэмію мастацтваў, выбраўшы кірунак — мастацкая апрацоўка металу.

Вядома, бацькі знерваваліся, даведаўшыся, што я кідаю педагагічны ўніверсітэт і іду вучыцца на каваля, але не адгаворвалі. Ведалі, што любыя аргументы будуць бескарыснымі», — успамінае Марыя.

Фота: асабісты архіў гераіні

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў дзяўчына звярнулася ў раённую адміністрацыю па субсідыю для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў. Атрымала бязвыплатную дапамогу ў 400 даляраў і заснавала мастацка-вытворчае аб'яднанне ТАА «Артаб'ект». Грошай хапіла на куплю вуглашліфавальнай машыны, металу і арэнду кузні.

«Артаб'ект» да гэтага часу праектуе і вырабляе эксклюзіўныя каваныя агароджы, малыя архітэктурныя формы, мэблю, прадметы інтэр'ера. За час працы былі створаныя аб'екты для многіх юрыдычных і прыватных асоб.

«Зменяцца пакаленні, а работы застануцца»

Праца ніколі не ператворыцца ў руціну, апісвае плюсы сваёй прафесіі Марыя.

«Метал — вельмі ўдзячны матэрыял. Хоць уласцівасці металу мне вядомыя ўжо даўно, тым не менш я ўсё яшчэ працягваю адкрываць яго новыя магчымасці. Мне здаецца, што патэнцыял чорнага металу бясконцы, з ім можна працаваць усё жыццё.

Аднак мастацкае каванне прадугледжвае і вялікую адказнасць перад грамадствам ды сабой, — прызнаецца мастачка. — Арт-аб'екты з металу вытрымліваюць мінімум 500 гадоў. Зменяцца пакаленні, а працы застануцца.

Ніхто не ведае, якім будзе грамадства праз паўтысячы гадоў, таму трэба працаваць з металам, думаючы пра будучыню, пра сваю рэпутацыю. Усведамленне даўгавечнасці работ — гэта моцная матывацыя.

Лічу, што мне пашанцавала: у мяне выдатная праца».

Скульптура на станцыі метро «Кавальская Слабада». Фота: асабісты архіў гераіні

Марыя гаворыць пра сваю працу з лёгкасцю. Аднак кавальская справа лічыцца фізічна цяжкім відам дзейнасці: трэба быць гатовым пераносіць высокія тэмпературы і фізічныя нагрузкі.

«Мы працуем з агнём, са станкамі. З прафесійных захворванняў — праблемы з лёгкімі (пыл пры рэзанні металу) і са слыхам (гучныя гукі). Аднак, выконваючы тэхніку бяспекі, можна пазбегнуць траўматызму і мінімізаваць рызыку для здароўя. Для гэтага не трэба эканоміць на сродках індывідуальнай абароны, працаваць у навушніках, запаўняць журналы па тэхніцы бяспекі.

Акрамя таго, пры правільна выбудаваных бізнэс-працэсах жанчыне-кавалю не заўсёды прыйдзецца выконваць цяжкую фізічную працу. Майстэрня можа абзавесціся мужчынамі — наёмнымі супрацоўнікамі або партнёрамі па працы».

Фота: асабісты архіў гераіні

«Самы цікавы і прыгожы этап працы — каванне. Ты кладзеш загатоўку ў горан, награваеш да высокай тэмпературы, а затым механічна ўздзейнічаеш на яе малатком або пнеўмамолатам, надаючы форму. Аднак гэтаму працэсу папярэднічае шмат падрыхтоўчых малапрыемных працэдур.

Наступная апрацоўка таксама займае працяглы час і спалучаная з пылам, брудам і сажай. Калісьці мне даводзілася займацца ўсім працэсам ад пачатку да канца. Зараз сама непасрэдна падключаюся толькі на этапе кавання. Усё астатняе робяць мужчыны-кавалі — мае партнёры».

90% працоўнага часу Марыя праводзіць у ноўтбуку — рыхтуе макеты і дызайн, бо каваль XXI стагоддзя — гэта не толькі чалавек, які ўмее адчуваць метал, але яшчэ і дасведчаны юзер.

«Кавалі бываюць розныя. Камусьці базавых навыкаў больш чым дастаткова, але гэта не мой выпадак. Пры працы з металам мне даводзіцца выкарыстоўваць такія дарагія тэхналогіі, як, напрыклад, станкі лазернай рэзкі. Зборачныя чарцяжы, раскрой дэталяў, праектаванне — усё гэта робіцца ў праграмным забеспячэнні».

Па словах Марыі, спатрэбяцца і іншыя навыкі. Так, для зносін з замежнымі заказчыкамі неабходна веданне англійскай мовы. Карыснымі будуць анлайн-курсы па прасоўванні брэнда за мяжой.

Фота: асабісты архіў гераіні

Здавалася б, жанчыне-кавалю ў нашай рэальнасці даводзіцца ўвесь час сутыкацца з гендарнай дыскрымінацыяй. Аднак Марыя кажа, што ніколі не сустракалася з прадузятым стаўленнем з боку заказчыкаў або мужчын-кавалёў. Нават наадварот.

«З дыскрымінацыяй сутыкнулася толькі ў прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў, калі прыйшла вучыцца на каваля. Мне сказалі: «Паглядзі на сябе! Які з цябе каваль?» — але мяне гэта не спыніла.

Я абсалютна ўпэўненая, што выбар традыцыйна мужчынскай прафесіі прывёў мяне ў пункт поспеху. Гендарная неадпаведнасць давала мне толькі плюсы. Па-першае, мяне добра запамінаюць, не трэба называць сябе двойчы. Па-другое, многія хочуць эксклюзіўнае «жалеза», выкананае менавіта жанчынай-кавалём.

Фота: асабісты архіў гераіні

«Канкурэнцыі практычна не засталося»

На кавалёў, распавядае Марыя, у Беларусі попыт вялікі, таму што іх «амаль не засталося». Канкурэнцыя ў гэтай сферы невялікая.

«Я больш працую як мастак, а не як вытворца. У мяне, як у мастака-каваля, канкурэнцыі практычна не засталося. На вялікі жаль, не засталося. Яшчэ некалькі гадоў таму выдатных кавалёў-мастакоў было шмат. Пасля хтосьці з'ехаў, хтосьці з-за ўзросту пакінуў гэты свет».

Ці значыць гэта, што каванне вырабаў пры адсутнасці канкурэнтаў прыносіць добры заробак? Не зусім так.

«Раней да нас паступала шмат заказаў з краін ЕС, у прыватнасці, з Нарвегіі. Але цяпер заходнія заказчыкі не могуць перавесці нам грошы, а мы не можам даставіць ім гатовую прадукцыю з металу. Пераарыентавацца на краіны СНД мы не змаглі, бо з нашымі цэнамі мы там неканкурэнтаздольныя.

У Расіі і другіх постсавецкіх краінах іншыя эканамічныя ўмовы, нізкая падатковая база або іншы фактар, але мы па цэнах не можам спаборнічаць з іх кавалямі, таму на даным этапе працуем толькі на рынку Беларусі. Робім каваныя арт-вырабы для ўладальнікаў катэджаў. Акрамя таго, за апошні год я прадала некалькі сваіх скульптур прыватным афіцыйным галерэям Беларусі.

Увогуле рынак каваных вырабаў у Беларусі невялікі. Нацэнка на вырабленую прадукцыю ў нас у найлепшым выпадку 9%. Калі цяпер пачаткоўцу пачынаць гэты бізнэс, то наўрад ці ён прынясе даходы, здольныя забяспечыць узровень жыцця хоць бы на сярэднім узроўні.

Галоўная частка выдаткаў — заробкі супрацоўнікам, калі такія маюцца. Жалеза каштуе нядорага — 4 рублі за кілаграм, прывозяць яго з Расіі. Хоць яшчэ нядаўна метал каштаваў адзін даляр за кілаграм, дастаўляўся з Украіны.

На другім месцы ў артыкулах выдаткаў — расходныя матэрыялы для інструментаў: зварачны дрот, газы, крапеж і інш. У майстэрні няма дарагіх станкоў лазернай рэзкі, таму гэтая частка працы аддаецца на аўтсорс. Таксама трэба ўлічыць арэнду памяшканняў пад майстэрню.

Фота: асабісты архіў гераіні

Плюсам эксклюзіўнай арт-майстэрні на вузкім рынку з'яўляецца тое, што можна ашчадзіць грошы на прасоўванні.

«З 2010 года «Артаб'ект» наогул не займаўся прасоўваннем паслуг. Заказчыкі самі знаходзілі нас. Дзеля эксперымента я калісьці падключыла рэкламу, але не заўважыла росту прыходу заказаў. Таму да рэкламы мы больш ніколі не вярталіся», — распавядае Марыя.

А вось і лайфхакі, якімі могуць скарыстацца пачаткоўцы мастакі-скульптары, каб знайсці першых кліентаў. Марыі ў гэтым дапамог універсітэцкі нэтворкінг і арэнда памяшкання ў асяроддзі аднадумцаў-прадпрымальнікаў.

«У Акадэміі мастацтваў была кафедра падрыхтоўкі дызайнераў інтэр'ера. Выпускнікі кафедры рэкамендавалі мяне сваім заказчыкам. Так я атрымала першага кліента — вырабіла для яго падстаўку перакіднога календара. Затым нейкі час я арандавала офіс у будынку моладзевай сацыяльнай службы: на яго базе быў створаны інкубатар малога бізнэсу.

Гэты інкубатар прадпрымальніцтва даў мне шмат карысных кантактаў. Завязаліся знаёмствы з праекціроўшчыкамі, дызайнерамі, вытворцамі мэблі, аддзелачнікамі, будаўнічымі кампаніямі».

Цяпер Марыя актыўна рыхтуецца да фестывалю Burning Man. Гэта найбуйнейшы ў свеце фестываль мастацтваў і радыкальнага самавыяўлення, які штогод праходзіць у пустыні Блэк-Рок у Невадзе, ЗША. Працуе над скульптурай, якую павязе на арт-мерапрыемства з наведвальнасцю ў 80 тысяч чалавек.

Чытайце таксама:

Упершыню на фестывалі Burning Man будзе прадстаўлена праца беларускай мастачкі

«Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка». Прафесійны пячнік расказаў пра тонкасці свайго занятку

«Прыстаю да сабачнікаў на вуліцы». Жанчына з-пад Гомеля ператварыла старажытнае рамяство з хобі ў прафесію

«Адкуль бяру ідэі? Пад нагамі!» У Гомелі школьны настаўнік стварае копіі старажытных замкаў і шмат чаго яшчэ

Nashaniva.com