У Лондане праходзіць каранацыя Карла ІІІ
Ад самай раніцы брытанцы сабраліся ў цэнтры Лондана, каб пабачыць каранацыю новага манарха. Апошні раз каранацыя была ў 1953 годзе. Тады каранавалі Лізавету ІІ, якая пакінула гэты свет у верасні мінулага года.
06.05.2023 / 11:38
Карл ІІІ. Ілюстрацыйнае фота: AP
Сачыць за каранацыяй можна на канале Бі-бі-сі.
Вось такі расклад каранацыі.
У 12:20 па мінскім часе новы кароль Вялікабрытаніі разам са сваёй жонкай, каралевай-кансортам Камілай, адправяцца з Букінгемскага палаца ў Вестмінстэрскае абацтва.
Дарогай да абацтва Карл III будзе ў карэце «Быльянтавы юбілей» — экіпажы, зробленым у Аўстраліі да 60-годдзя праўлення Лізаветы II. Карэта зроблена з алюмінію, абсталявана кандыцыянерам і шклопад'ёмнікамі. Па заканчэнні каранацыі яны вернуцца ў Букінгемскі палац у залатой карэце, якая выкарыстоўваецца на кожнай каранацыі з часоў Вільгельма IV у 1831 годзе.
У 13:00 кароль і каралева ўвойдуць пад скляпенні Вестмінстэрскага абацтва. На час памазання манарх будзе схаваны ад вачэй прысутных, відэатрансляцыі таксама не будзе. Пасля памазання каралю ўручаць каралеўскія рэгаліі, сярод якіх шпоры, меч, армілы (бранзалеты) і скіпетр. Пасля гэтага Карл III будзе каранаваны каронай караля Эдуарда (зроблена з золата і ўпрыгожана больш чым 400 каштоўнымі камянямі для каранацыі Карла II у 1661 годзе), пасля чаго прагучыць «Божа, захоўвай караля!».
У 15:00 іх Вялікасці накіруюцца назад у Букінгемскі палац. У 15:45 прыбудуць туды, у 16:15 з'явяцца на балконе перад народам.